ТЭМПЫ ЎЗЯТЫ ВЫСОКІЯ

Деньги

IMG_3052Даволі высокімі тэмпамі вядуць нарыхтоўк у кармоў механізатары ААТ «Мяжаны». Калі летась на 22 чэрвеня там паспелі скасіць 454 гектары траў і назапасіць 2344 тоны сенажу, то сёлета гэтыя лічбы раўняюцца адпаведна 644 і 3966.

Пра арганізацыю работ на сенажацях карэспандэнт газеты Аляксандр Азевіч пагутарыў з галоўным аграномам гаспадаркі Уладзімірам Сайкоўскім.

Уладзімір Іванавіч, на сённяшні дзень (размова адбывалася ў сераду) запасы травяністых кармоў у пераліку на кармавыя адзінкі перавышаюць мінулагоднія больш як на 3 цэнтнеры. Гэта таму, што пачалі раней касіць?

— Сенакос мы пачалі не намнога раней, чым летась. А таму, што пераўзыходзім паказчыкі мінулага года, садзейнічае шэраг фактараў. Напрыклад, усе падкошаныя плошчы канюшыны мы не закладвалі ў траншэі, а нанялі ў аграсэрвісе прэс-падборшчык і зарулонілі з абмоткай у стрэйч-плёнку 173 тоны якаснага сенажу. Думаю, на гэтым не спынімся. Праз два тыдні зацвіце люцэрна першага года карыстання, вось яе і скосім на кансерваваны сянаж. Плёнкай і сеткай для яго ўпакоўкі мы запасліся. Цяпер важна будзе своечасова яго зарулоніць, бо прэс-падборшчык бывае занятым. А калі зялёная маса перасохне, герметычна ўпакоўваць яе не будзе сэнсу.

А тэхнікі ў вас часам не прыбавілася?

— На жаль, не. Як і ў мінулым годзе, косім дзвюма касілкамі, на здрабнен- ні зялёнай масы задзейнічаны 2 агрэгаты, адвозім масу трыма МАЗамі і двума трактарамі, з іх 2 МТЗ прыйшлі на дапамогу з ПМС. Яны задзейнічаны на касьбе і адвозцы. А Валерый Капылоў адвозіць зялёную масу на асабістым аўтамабілі. Яшчэ на адным МАЗе працуе электрык малаказавода Мікалай Поклад. Яму свой аўтамабіль перадаў Руслан Бялоў, сам жа перасеў за руль КВК-800.

Здаецца мне, што з людзьмі, якія прыйшлі з гарадскіх арганізацый, цяжэй працаваць.

— Не скажыце. Механізатары ПМС нам рэгулярна аказваюць дапамогу на палявых работах, і ўсе яны працуюць нараўне з мясцовымі.

А як жа інакш, гэта нашы былыя механізатары, якія па той ці іншай прычыне сталі гараджанамі. Каранёў жа сельскіх не страцілі.

— Але ж, думаю, не толькі за кошт кансерваванага сенажу вы пераўзыходзіце леташнія паказчыкі. Што яшчэ садзейнічае падтрымцы высокіх тэмпаў корманарыхтоўкі?

— Лічу, што таму спрыяе больш старанная падрыхтоўка тэхнікі. За ўсю касавіцу ў нас яшчэ не прастойваў ні адзін агрэгат. Пакуль няма праблем і з дызпалівам. Больш увагі мы надаём і ўсёй арганізацыі працы, матэрыяльнаму яе стымуляванню. Але на першае месца, як заўсёды, выступае чалавечы фактар. Калі механізатар не адчувае, што сёння ад яго руплівасці залежыць, як будзе гаспадарка жыць далей, а канкрэтней, што атрымае ў зімовыя месяцы за малако, а затым, адпаведна, і кожны член калектыву, ні пугай, ні пернікам яго працаваць не прымусіш. Не памылюся, калі скажу, што сёння кожны чалавек, які мае дачыненне да корманарыхтоўкі, канкрэтна разумее яе важнасць і адчувае адказнасць за даручаны ўчастак работы. Не сакрэт, што ў «Мяжанах» даўно не было зімоўкі, каб жывёле ўдосталь хапала кармоў. Сёння я бачу: нашы механізатары нацэлены перарваць ланцуг паўгалодных гадоў і накарміць статак уласна нарыхтаванымі. І для гэтага створаны добры задзел. Нягледзячы на тое, што сёлетнія травастоі бяднейшыя за леташнія, у нас ёсць магчымасць удосталь нарыхтаваць сена, закласці сенажу.

— Дзякуй за гутарку.

Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.