ПРЫНОСЯЦЬ АДДАЧУ БАБОВЫЯ ТРАВЫ

Деньги

IMG_6911У апошнія дзве зімоўкі жывёлаводы ААТ «Слабодка-агра» не толькі кармілі грамадскі статак паўнацэнным рацыёнам, гаспадарка яшчэ і рэалізоўвала лішкі травяністых кармоў. Мяркуючы па тым, як ідзе сёлетняя корманарыхтоўка, можна сцвярджаць, што і ў наступную зіму жывёла там галадаць не будзе.

На раніцу мінулай пятніцы, калі я наведаўся ў гаспадарку, корманарыхтоўчым атрадам было запашана амаль 70 тон сена і 5,5 тысячы тон сенажу, або па 6,5 цэнтнера карма- вых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта другі паказчык у раёне. Запоўненымі і закрытымі ўжо былі па 2 траншэі сенажу ў Лунях, Слабодцы і Іказні, а ў Літоўшчыне ў той дзень закрылі першую і прыступілі да закладкі другой.

На апошняй выязной калегіі ўпраўлення райсельгасхарча, якая праводзілася на базе «Слабодкі-агра», калі знаёміўся з планам правядзення корманарыхтоўчага сезона, кінулася ў вочы тое, што ў акцыянерным таварыстве абсалютную большасць сянажнай масы плануюць закласці з бабовалакавых траў, а не наадварот.

Як патлумачыў у час нашай апошняй сустрэчы дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Дзегцяроў, галоўны аграном гаспадаркі Пётр Карандзей апантаны ідэяй засеяць сенажаці толькі бабовымі травамі, у прыватнасці люцэрнай і канюшынай. Не толькі апантаны, а і робіць усё для таго, каб жывёла з травяністых кармоў атрымлівала ўдосталь бялку. Пасевы ўзгаданых культур год ад году пашыраюцца, прычым новыя сенажаці закладваюцца толькі ўласным насеннем.

На шляху да сянажнай траншэі ў Літоўшчыне з дырэктарам мы завіталі на люцэрнавае поле першага года карыстання. Культура зацвітала (самая пара касіць), пасля ж нядаўняга дажджу, вобразна кажучы, чутна было, як люцэрна набірае масу. Па другі ж бок дарогі ў чаканні касьбы стаяла поле са злакавымі травамі чацвёртага года карыстання. Мы толькі ўзышлі на яго ўскраек, як Аляксандр Уладзіміравіч махнуў рукой: «Лепш спасвіць, чым паліць салярку на яго ўборку».

Пры такім падыходзе да вырошчвання траў, выбарачнай уборцы лепшых участкаў з травастоем першага і другога гадоў карыстання корманарыхтоўчы атрад гаспадаркі, дарэчы, тэхнічна аснашчаны далёка не лепшым чынам, за дзень паспявае рыхтаваць па 400 — 450 тон зялёнай масы. Пры аб’ёме траншэй у 700 — 800 тон запаўняюцца яны ў самыя аптымальныя тэрміны. Значыць, будзе на зіму не проста маса, а высокакаларыйны бялковы корм. У гаспадарках жа, дзе ў травастоях перабольшваюць яжа ды цімафееўка, сёлета і масы наўрад ці набяруць. ■

Аляксандр АЗЕВІЧ