Не шкадуючы жыцця

Главное

scaned_document-8-03-36Тэма Вялікай Айчыннай вайны заўсёды была ў цэнтры ўвагі юных краязнаўцаў Кансталінскай школы. Так, уважлівы аналіз даведніка “Героі Савецкага Саюза” даў інфармацыю пра 12 ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, якія атрымалі ганаровае званне за заслугі, сярод якіх вызваленне Браслаўшчыны. Пра подзвігі на нашай зямлі яшчэ 10 мужных чырвонаармейцаў мы даведаліся з кнігі “Кавалеры ордэна Славы”.

Работа з базай “ГБД—Мемарыял” папоўніла спіс землякоў, што не вярнуліся з вайны, 15 новымі імёнамі. У 2012 годзе быў створаны пошукавы атрад, які ўдзельнічаў у XIII Міжнароднай вахце Памяці на Смаленшчыне.

Вывучаючы гісторыю ўдзелу нашых землякоў у Вялікай Айчыннай вайне, юныя краязнаўцы паставілі мэту сабраць звесткі пра воінаў, узнагароджаных баявымі ордэнамі СССР. Асноўнай крыніцай інфармацыі стаў электронны банк дакументаў “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”

У выніку былі знойдзеныя 229 запісаў пра ўзнагароджанні прызваных альбо тых, хто нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Браслаўшчыны. Гэта 213 воінаў, з якіх трое мелі па 3 ордэна, 12 —  2, астатнія — 1. Вось героі, пра якіх мы можам з гонарам расказаць.

Рыгор Памялаў, ураджэнец в. Крываселі Мяжанскага сельсавета, служыў памочнікам камандзіра ўзводу 76-й стралковай дывізіі. Наш мужны зямляк толькі з восені 1944 па вясну 1945 года быў тройчы ўзнагароджаны: ордэнам Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і Славы 3 ступені. Вось радкі з яго ўзнагароднага ліста: “… 24 красавіка 1945 года кіруючы разведгрупай, тав. Памялаў пранік у тыл ворага, заўважыў пазіцыю варожай мінамётнай батарэі, паведаміў пра яе камандаванню, а затым атакаваў яе: знішчыў 1 мінамёт, 5 гітлераўцаў, а 7 узяў у палон. За ўзорнае выкананне баявога задання і мужнасць у баі прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга”.

Яшчэ адзін наш зямляк, Іосіф Васілеўскі, нарадзіўся ў в. Мілашы Ахрэмаўскага сельсавета. Снайпер 207-й стралковай дывізіі, ён 1 мая 1945 года адным з першых уварваўся ў Рэйхстаг. Узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені.

Сапёрам 29-й мотастралковай брыгады служыў Станіслаў Бэйнер, з в. Шалакундзі Далекаўскага сельсавета. Вось што напісана ў яго ўзнагародным лістку: “… пад агнём варожай авіяцыі аднавіў пераправу праз р. Одэр”. Камандзірам часткі быў прадстаўлены да вышэйшай ўрадавай узнагароды — звання Героя Савецкага Саюза, але вышэйшае кіраўніцтва палічыла дастатковым ордэн Славы 3-й ступені.

Ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджаны ўдзельнік ваеннага ансамбля сяржант Браніслаў Дзярук з сядзібы Яснагорка. Радкі з узнагароднага лістка: “… палымяны дэкламатар, вершы ў яго выкананні засталіся як стымул у сэрцах байцоў, запальвалі і вялі на гераічныя справы”.

Сярод узнагароджаных землякоў быў і Ізот Сакалоў, “… бясстрашны сапёр, пад агнём ворага зняў 12 супрацьтанкавых мін, чым забяспечыў свабодны праход нашых наступаючых частак…”. За баявыя справы быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. Гэта прадзед 3 удзельнікаў нашай пошукавай групы.

Тры баявыя ўзнагароды меў яшчэ адзін жыхар нашай мясцовасці Марк Зуеў, які “17 сакавіка 1945 года ў баях за г. Кёнігсберг знішчыў 7 варожых салдат, у тым ліку разлік буйнакалібернага кулямёта”.

Вывучаючы  пажоўклыя старонкі ўзнагародных лістоў, мы бачылі, што часцей за ўсё гэта былі маладыя хлопцы 20-27 гадоў, у званні ад радавога да сяржанта, прызваныя ў 1944 годзе і якія здзейснілі подзвігі ў Латвіі, Усходняй Прусіі, Германіі. Сярод іх — пехацінцы і сапёры, разведчыкі і артылерысты, санітары і сувязісты. Нямала байцоў атрымалі ордэны пасмяротна.

Усё далей той грозны і нялёгкі час, але нельга забываць тых, хто не шкадуючы жыцця, змагаўся за нас з вамі. Галоўную мэту нашай працы —  не дапусціць забыцця подзвігаў воінаў — землякоў, пошукавая група лічыць выкананай.

Віктар Бунта,

настаўнік Кансталінскай базавай школы.