Пластык — камунальнікі, дзецям — падарункі

Главное

IMG_7327 (Small)Напрыканцы мінулага года аддзел адукацыі спорту і турызму разам з ДП “Браслаў-камунальнік” ладзілі конкурс сярод устаноў адукацыі “Чыстая планета пачынаецца з цябе!”. Па яго ўмовах школьнікі павінны былі збіраць ПЭТ-бутэлькі . Нядаўна былі падведзены вынікі конкурсу.

Усяго школьнікі здалі больш за 1700 кг другаснай сыравіны. Больш за ўсіх яе сабралі ў СШ №2 (777 кг), другое месца заняла СШ №1, а трэцімі сталі гімназісты. Самыя актыўныя атрымалі каштоўныя прызы. За першае месца школе падарылі планшэт, а прызёрам — па 1 млн рублеў.

Дырэктар СШ №2 Іна Лысенка расказала, што ва ўстанове адукацыі збор другаснай сыравіны быў добра наладжаны. Спачатку ў кожным класе прайшлі класныя гадзіны, на якіх у чарговы раз ішла гутарка пра чысціню нашай планеты, утылізацыю смецця і паўторнае выкарыстанне сыравіны. Вучні, іх бацькі, настаўнікі і тэхнічныя работнікі збіралі і прыносілі ў школу ПЭТ-бутэлькі. У спецыяльным памяшканні пластык важылі і запісвалі колькасць здадзенай сыравіны. У фае школы кожны тыдзень абнаўляўся спіс лідэраў.

Унутрышкольны конкурс па зборы пластыкавых ёмістасцей выйграла вучаніца 9 класа Анастасія Часнойць (49 кг 310 гр.) — гэта больш за 1000 бутэлек. Па 35 кг здалі шасцікласнікі Мацвей Ундруль і Дзяніс Мацеша, 26 кг сабрала Валерыя Чарнова з 3 класа. Яны, а таксама іншыя, найбольш актыўныя ўдзельнікі конкурсу, на школьнай лінейцы былі адзначаны дыпломамі і салодкімі прызамі.

  • Цяпер выйграны нашай школай планшэт, — тлумачыць Іна Феактыстаўна, — настаўнікі выкарыстоўваюць на занятках па прафарыентацыі і для дэманстрацыі мультымедыйных матэрыялаў.

Так вучні дапамаглі камунальнікам у выкананні планаў па зборы другаснай сыравіны, зрабілі нашы вуліцы крыху чысцейшымі і, атрымалі за гэта падарункі.

Вольга Патаповіч.

Фота аўтара.

Педагог-псіхолаг Алеся Балтунова працуе з дзецьмі на ўроку прафарыентацыі.