Раённы конкурс кабінетаў

Главное

_1-300x225У школе дзеці праводзяць значную частку свайго дня, і класны пакой цесна звязаны з іх жыццём. Таму ў выкладанні прадметаў вялікае значэнне набывае вучэбны кабінет, які дазваляе паспяхова скіраваць думкі вучня ў патрэбным накірунку. Асабліва гэта датычыцца правядзення ўрокаў беларускай мовы і літаратуры: дзеці чуюць, бачаць, чытаюць па-беларуску, вакол іх сімволіка і прадметы нацыянальнай культуры, асобы славутых дзеячаў. Настаўнік, які сапраўды зацікаўлены ў эфектыўнасці сваёй работы, зробіць усё магчымае, каб класны кабінет ператварыўся для яго вучняў у сапраўдную адукацыйную прастору.

У гэтым пераканаліся члены журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, школ, падчас правядзення раённага конкурсу кабінетаў беларускай мовы і літаратуры. У ім прымалі ўдзел 18 устаноў адукацыі. Журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Крытэрыяў ацэнкі кабінетаў было шмат, але больш за ўсё ўвагі ўдзялялася іх развіццю. Журы адзначыла значныя станоўчыя змены: прадстаўленыя на прэзентацыі кабінеты вызначаліся эстэтычнасцю афармлення, інфарматыўнасцю стэндаў, арыгінальнасцю афармлення этнаграфічных куткоў; настаўнікі накапілі і сістэматызавалі багаты навукова-метадычныя і дыдактычныя матэрыялы, актыўна выкарыстоўваюць камп’ютарныя тэхналогіі.

Па выніках конкурсу дыпломам І ступені адзначаны кабінет беларускай мовы і літаратуры СШ №1 (настаўнік Марына Жалубоўская), ІІ ступені — Відзаўскай СШ і Браслаўскай гімназіі (настаўнікі Таццяна Стома і Аксана Сіўко), ІІІ ступені — СШ №2, Богінскага ДСБШ і Кансталінскай БШ (настаўнікі Міхаіл Шакель, Софья Лапушынская і Ганна Апанчонак).

Метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Вольга Алёхна падкрэсліла, што ўсе ўдзельнікі годна прадставілі сваю работу, а кабінеты беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі набылі новы, больш прывабны выгляд. Асобна яна адзначыла работу маладых педагогаў. Так, настаўніца Кансталінскай БШ Ганна Апанчонак выкладае беларускую мову і літаратуру толькі другі год, а ўжо дасягнула значных поспехаў і трапіла ў лік прызёраў.

 

Жанна Бялько.

На здымку: Этнаграфічны куток у кабінеце беларускай мовы і літаратуры СШ №1.