Творца з Друі

Главное

 
8590x200З Эдгарам Мілавішэвічам (на здымку) з Друі аўтару гэтых радкоў давялося пазнаёміцца некалькі разоў: завочна і асабіста. Але пра ўсё па парадку.

Першы раз я даведалася пра хлопца на выставе “Свет незвычайных захапленняў”, дзе сярод прадстаўленых работ былі незвычайныя фігуркі анімацыйных персанажаў і цікавыя сувеніры. Яны былі зроблены з гіпсу, палімернай гліны і вылучаліся арыгінальнай задумай і акуратнасцю выканання.

Другі раз — падчас наведвання Друйскага дзіцячага дома, калі ўбачыла прыгожа распісаныя сцены ўстановы. Калідоры і файе на кожным паверсе жылога корпуса ўстановы былі ўпрыгожаны разнастайнымі малюнкамі. Напрыклад, у мужчынскай палове пераважала касмічная тэма. Гэта планеты, сузор’і, партрэт Гагарына. У дзяўчынак — казачная алея з феямі. Не адарваць вачэй было і ад выяў герояў казак і мультфільмаў, прыродных замалёвак. На пытанне, хто аўтар, у адказ пачула знаёмае прозвішча. Цяпер жа хочацца пазнаёміць з гэтым сціплым і таленавітым хлопцам і нашых чытачоў.

Эдгар Мілашэвіч родам з Друі. Пасля заканчэння школы атрымаў адукацыю ў Віцебскім тэхналагічным каледжы па спецыяльнасці “Вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”. Пэўны час ён працаваў у Радашковічах на керамічным заводзе, а пасля вярнуўся ў родныя мясціны. Зараз працуе ў Друйскім дзіцячым доме, а ўвесь вольны ад працы час прысвячае творчасці і самаадукацыі. Пры гэтым Эдгар пастаянна шукае новыя шляхі самавыражэння.

— Вось вы бачылі мой роспіс сцен, але я гэтаму не вучыўся. Сам не ведаў, што атрымаецца. Пачаў з невялікіх абстракцый, якія рабіў пра дапамозе трафарэту і пэндзаля. Паралельна чытаў спецыяльную літаратуру. І ўжо астатнія малюнкі рабіў з дапамогай спецыяльных прылад, — расказвае Э. Мілашэвіч пра сваю творчасць. — Сам я вельмі люблю займацца лепкай. Для таго, каб зрабіць адзін сувенір патрэбен не адзін дзень, бо неабходна спачатку зрабіць форму з сілікону ці каркас з дроту. Пэўны час патрэбны на заліўку, высыханне, размалёўку… Свае вырабы дару блізкім, сябрам і знаёмым.

Ва ўмелых руках хлопца палімерная гліна, гіпс, фарбы ажываюць. З яго дапамогай яны ператвараюцца ў вясёлыя персанажы і фігуркі, якія дораць усмешку і добры настрой усім, хто іх бачыць.

Відавочна, што Эдгар не спыніцца на дасягнутым: будзе і далей развівацца ў творчасці, а мы ў сваю чаргу яшчэ не адзін раз пачуем яго прозвішча.

Алена Набеева.

Фота аўтара.