На варце спакою браслаўчан

Главное


880x200Сваё прафесійнае свята — Дзень утварэння службы ўчастковых інспектараў — 17 лістапада адзначылі ўчастковыя Браслаўскага РАУС. Іх служба лічыцца адной з самых складаных і адказных, таму сюды прыходзяць толькі надзейныя, адданыя абавязку і закону супрацоўнікі праваахоўных органаў.

На варце спакою браслаўчан сёння стаяць 10 участковых інспектараў. Як зазначыў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Аляксандр Смірноў, усе яны вопытныя, са стараннем адносяцца да справы. Быць участковым няпроста, таму каб працаваць на такой пасадзе, трэба мець трывалае жаданне і настойлівасць. Яны першыя, хто прыходзяць на дапамогу і жывуць штодзённымі клопатамі людзей. Адпаведна і вынікі дзейнасці браслаўскіх участковых радуюць. З кожным годам узровень злачыннасці на тэрыторыях іх адказнасці зніжаецца. Пра тое, што яны годна нясуць службу, сведчаць і шматлікія тэлефонныя званкі-падзякі, што паступаюць у рэдакцыю.

Пра службу ўчастковых Браслаўскага РАУС можна сказаць, што тут удала спалучаецца вопыт і маладосць. Побач з такімі міліцыянерамі як Павел Лабуць, Валерый Шлабовіч, Міхаіл Кірылаў, што жыццё прысвяцілі прафесіі і абароне інтарэсаў браслаўчан, служаць і маладыя хлопцы. З 2013 года калектыў участковых папоўнілі 6 чалавек, сярод іх Эдвард Норман і Віктар Крыўко (на здымку).

У вачах гэтых маладых хлопцаў бачны ахвота і запал, з якім яны бяруцца за справу. Служба не пужае, не баяцца яны складанасцей, ведаюць, што ад іх залежыць спакой у раёне.

З адказнасцю да сваіх абавязкаў і разуменнем праблем, з якімі звяртаюцца грамадзяне, працуе малодшы ўчастковы Эдвард Норман. У міліцыі ён з 2013 года, куды прыйшоў пасля арміі. Менавіта служба вызначыла будучы лёс маладога чалавека. Сур’ёзны і мэтанакіраваны па характары, ён зразумеў, што міліцыя — яго прызванне. Дзякуючы падтрымцы старэйшых калег, асабліва Уладзіміра Цяцеры і Валерыя Шлабовіча, Эдвард хутка ўліўся ў калектыў участковых.

Працаваў хлопец на розных участках — на тэрыторыі Відзаўскага, Мяжанскага, Опсаўскага сельсаветаў. Цяпер у зоне яго адказнасці вуліцы Кастрычніцкая і Садовая райцэнтра, а гэта, дарэчы, больш за 6 тысяч чалавек. Тэрыторыя, па прызнанні ўчастковага, не самая спакойная. Даводзіцца сутыкацца з рознымі злачынствамі, сярод якіх дробныя хуліганствы, п’янства ў грамадскіх месцах, крадзяжы, спрэчкі на глебе сямейна-бытавых адносін. Ды і кантынгент тут розны: раней судзімыя, дэбашыры, злодзеі. Да кожнага з іх у ўчастковага свой падыход. Дапамагае вопыт, які атрымаў падчас работы на сяле, а таксама тое, што хлопец захапляецца псіхалогіяй. Практычных ведаў у ўчастковага хапае, а тэарэтычныя атрымлівае ў Акадэміі МУС, дзе вучыцца завочна.

А вось калега Эдварда Віктар Крыўко ў міліцыі толькі са жніўня гэтага года. Малады спецыяліст яшчэ са школы марыў пра міліцэйскую форму, таму мэтанакіравана ішоў да сваёй мары. Скончыўшы Акадэмію МУС, паспрабаваў уладкавацца ў Шаркаўшчынскі РАУС, бо родам з гэтага раёна. Аднак месца не знайшлося, а вось браслаўскія міліцыянеры хлопца прынялі.

Пакуль Віктар праходзіць стажыроўку і назірае за работай свайго старэйшага калегі Валерыя Шлабовіча, участковага Опсаўскага сельсавета. Аднак хутка хлопец стане яго пераемнікам і будзе абслугоўваць адзін з самых буйных участкаў. Старэйшы калега задаў Віктару высокую планку, бо ўзровень злачыннасці на тэрыторыі Опсаўскага сельсавета адзін з самых нізкіх у раёне, і трэба будзе падтрымліваць парадак на такім жа ўзроўні. Аднак хлопца гэта не пужае, наадварот, ён ужо наладжвае кантакты з насельніцтвам.

За некалькі месяцаў службы малады ўчастковы ўжо сутыкнуўся і з выпадкамі распіцця спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, захоўваннем самагонных апаратаў, некалькі разоў даводзілася уціхамірваць дэбашыраў, што кідаліся на яго з кулакамі. Малады хлопец рады, што трапіў на службу ў Браслаўскі РАУС. І хоць працуе ён нядаўна, аднак ужо паспеў заваяваць аўтарытэт — кіраўніцтва адгукаецца пра яго як пра адказнага і добрага супрацоўніка. Дарэчы, арганізацыя паклапацілася пра тое, каб маладому ўчастковаму выдзелілі пакой у інтэрнаце.

Шмат цёплых слоў Эдвард і Віктар выказалі ў дачыненні да сваіх калег, у якіх вучацца вытрымцы, прынцыповасці і чуласці. І, як зазначылі хлопцы, яны спадзяюцца з цягам часу стаць сапраўднымі прафесіяналамі, як і іх старэйшыя настаўнікі.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.