Дынастыя як прыклад для іншых

Деньги

Як і большасць юнакоў таго часу Леанід Вясна вадзіцельскае пасведчанне атрымаў перад службай у арміі, а калі вярнуўся, уладкаваўся працаваць вадзіцелем у родны саўгас “Камуніст”. Спачатку ён кіраваў бензавозам, потым перавозіў малако, а пасля аб’яднання гаспадарак “перасеў” на трактар. Цяпер Леанід — адзін з лепшых механізатараў у “Агравідзах”. Гэта пацвярджаецца і тым, што яго прозвішча рэгулярна з’яўляецца ў першых радках зводкі лідараў палявых работ нашага выдання. Але не толькі гэтае імя ў спалучэнні з прозвішчам Вясна фігурыруе на старонках газеты. Час ад часу мы пісалі пра Аляксандра, у жніўны прыпар пастаянным лідарам сярод маладых камбайнераў з’яўляецца Юрый. Адзначу, што Леанід — бацька трох сыноў, якія, як і ён, шчыра і самааддана працуюць на роднай зямлі.92300x200

  • Бацька ніколі не цураўся сялянскай працы, — расказвае старэйшы сын Аляксандр, — Колькі памятаю, цэлымі днямі ён на працы. То сее, то косіць, а як прыходзіць дадому ў вачах і руках клопат пра гаспадарку. Бацькі заўсёды мелі ды і сёння маюць вялікае падвор’е: некалькі кароў, каня, авечак, у іх карыстанні добры кавалак зямлі. У розныя часы яны імкнуліся, каб у хаце быў дастатак, таму і мы, дзеці, мелі ўсё неабходнае. Нас таксама з дзяцінства прывучалі да працы, і вучылі ніколі не дзяліць яе на мужчынскую і жаночую. Любы з нас умее, як секчы дровы, ці хадзіць за плугам, так і палоць агарод ці даіць карову.

Тут уступіў у размову бацька: — Бог нас ўзнагародзіў трыма сынамі, і мы з жонкай, стараліся, каб яны выраслі працавітымі, чэснымі, справядлівымі, каб не шукалі “лёгкага хлеба”, а сваімі рукамі будавалі будучае. Безумоўна, сялянская праца не самая прэстыжная, але без яе нікуды. Я на ўласным вопыце пераканаўся, што можна быць вяскоўцам, працаваць у сельскай гаспадарцы і жыць не горш за некаторых гараджан. Толькі…, — працягвае мой суразмоўца, — Працаваць трэба, а калі ты умееш, а галоўнае хочаш чагосьці дабіцца, то абавязкова ўсё атрымаецца.

І сапраўды, у хлопцаў жыццё складваецца паспяхова. Узяць, да прыкладу, сярэдняга сына Юрыя. Ён, як і бацька, заўсёды на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі. І хоць малады чалавек на гэтым жніве першы год сядзеў за “штурвалам” камбайна, але сваёй стараннасцю, працавітасцю вырваў перамогу ў больш вопытных камбайнераў. Менавіта Юрый Вясна стаў першым тысячнікам у раёне па намалотах, за што і быў узнагароджаны Дыпломам і грашовай прэміяй. Толькі ў размове з Юрам высветліла, што хутка гаспадарка на працяглы тэрмін страціць аднаго з лепшых работнікаў, бо яго забіраюць служыць у войска.

Пры нашай размове хлопцы жартавалі адзін з аднаго, было бачна, што яны сябруюць і па асабліваму шчыра з павагай адносяцца да свайго бацькі, а той, у сваю чаргу, ганарыцца імі.

Сыны выраслі. Працуюць і жывуць побач з бацькамі. Двое з братоў, ужо маюць свае сем’і, але не забываюць бацькоўскі дом. Часта разам збіраюцца за вялікім сталом і ў любой справе з задавальненнем дапамагаюць самым родным людзям.

Вольга Патаповіч.

Фота аўтара.