Прадукцыі хапіла ўсім

Главное


79000x200Падгадалі арганізатары сёлетняга восеньскага сельскагаспадарчага кірмашу з выбарам дня яго правядзення. Мінулая субота выдалася не па-кастрычніцку сонечнай і цёплай, што спрыяла агульнаму настрою ўсіх, хто прыйшоў у Леснічоўку за пакупкамі.

Нягледзячы на тое, што афіцыйна аб’яўлены гандаль павінен быў пачацца ў 8 гадзін раніцы, найбольш нецерпялівыя браслаўчане прыйшлі і прыехалі ў лесапарк на паўгадзіны, а то і яшчэ раней.

Трэба адзначыць, што ўжо другі год запар нашы сельгаспрадпрыемствы, перапрацоўшчыкі і гандлёвыя арганізацыі пастаўляюць на кірмаш удосталь садавіны, гародніны, іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Скажам, толькі «Маяк Браслаўскі» прывёз паўтары тоны мяса і мясапрадуктаў на 82 мільёны рублёў. Прычым уся прадукцыя прадавалася са скідкай у 10 — 20%. Багатым асартыментам тавараў «засвяціліся» прылаўкі ААТ «Друйскі», «Альшанка». Як заўсёды жывых трусоў і іх мяса прапаноўвала акцыянернае таварыства «Мяжаны», а са «Слабодкі-агра» прывезлі на продаж бычкоў. Зразумела, што ўсе гаспадаркі прывезлі зерне, многія прапаноўвалі насенне траў, бульбу. Удосталь садавіны і гародніны паставіла спажывецкае таварыства.

Своеасаблівы каларыт сёлетняму кірмашу надаў удзел у ім школ. Багатым выбарам прадукцыі яны канешне ж не маглі сапернічаць з сельгаспрадпрыемствамі, затое кожнае іх гандлёвае месца ўпрыгожвалі выставы восеньскіх дароў.

Вясёлы настрой пакупнікоў сваімі песнямі падтрымліваў гурт «Сябрана» з Ахрэмавецкага цэнтра культуры, а ў перапынках браслаўчане мелі магчымасць выйграць прыз у разнастайных гульнях, ці паўдзельнічаць у адкрытым аўкцыёне.

Адным словам кажу, кожны з браслаўчан, хто меў намер запасціся на зіму сельскагаспадарчай прадукцыі, без пакупак з Леснічоўкі не вяртаўся.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.