Прыклад для моладзі

Главное

 

IMG_2679 (Small)Актыўныя і прыгожыя, у рознакаляровой форме і модным абутку — так выглядаюць удзельніцы групы “Здароўе”, якая створана пры РФСК “Дрывяціч”. І хоць жанчынам крыху за …, яны ахвотна займаюцца спортам.

Два разы на тыдзень удзельніцы групы спяшаюцца ў спартыўную залу ДЮСШ да Валерыя Дарафейчыка, які займаецца з імі на працягу гадзіны фізічнымі практыкаваннямі. Па словах Валерыя, жанчыны вельмі дысцыплінаваныя і паслухмяныя вучаніцы. Яны старанна размінаюцца і выконваюць неабходныя фізічныя практыкаванні. Майму здзіўленню не было межаў, калі даведалася, што ўдзельніцы групы “Здароўе” займаюцца нават на сілавых трэнажорах, вядома ж, у меру сваіх магчымасцей, тым больш што асноўны напрамак заняткаў у групе — аздараўленчы. Да выканання кожнага практыкавання тут падыходзяць вельмі асцярожна. Заняткі ў асноўным праходзяць у зале, але зімой катаюцца і на лыжах. А яшчэ з задавальненнем вывучаюць гульнявыя віду спорту. Напрыклад, валейбол і баскетбол.

—  У школе я не ўмела гуляць у валейбол, — прызнаецца Эма Гімбіцкая. — А тут усё атрымліваецца. Магу падачу падаць і адбіць мяч. Магчыма, справа ў тым, што мы як адна сям’я.

Я трапіла ў госці да ўдзельніц групы “Здароўе” ў той дзень, калі яны праводзілі паміж сабой спартландыю.  Пакуль жанчыны спаборнічалі, уважліва назірала за імі. Як спрытна закідваюць баскетбольны мяч у карзіну! Ва ўсіх атрымліваецца амаль з першага разу. І кожны закінуты мяч жанчыны сустракалі апладысментамі.

З не меншым запалам набівалі яны каля дзясятка разоў тэнісным мячыкам па ракетцы, кідалі дроцікі ў мішэнь і круцілі абруч. Пры гэтым атмасфера саперніцтва не адчувалася, яны падтрымлівалі адна адну і звярталіся выключна памяншальна-ласкава: “Раечка, Светачка, Ніначка, малайчынка”.

Па прызнанні жанчын, а некаторыя займаюцца па некалькі год у групе “Здароўе”, яны вельмі чакалі заканчэння летніх дзён, каб з 1 верасня прыступіць да заняткаў.

— Мы сябе тут камфортна адчуваем. Валерый Дарафейчык згуртаваў нас у адзіны спартыўны калектыў. Займаемся толькі карысным для свайго здароўя, а трэнер сочыць, каб не ператаміліся. І ведаеце што,  сталі менш хадзіць да ўрачоў, толькі за дазволам для наведвання групы і заняткаў спортам. Мы вельмі ўдзячныя, што створана такая група, дзе можна з карысцю для здароўя правесці свой вольны час, —   з радасцю кажуць жанчыны.

Гляджу на іх і думаю: хто сказаў, што спорт — гэта прэрагатыва маладых?! Група “Здароўе” — сапраўдны прыклад для пераймання здаровага ладу жыцця! Жанчыны з яе такія розныя: непадобныя лёсы і прафесіі, але ўсе яны неверагодна абаяльныя і спартыўныя. Сапраўдны прыклад для пераймання.

Алена Набеева.

Фота аўтара.

На здымку : група “Здароўе” з кіраўніком.