Свята таленавітых, мудрых і цярплівых

Главное

078700x200Кожны чалавек на сваім жыццёвым шляху сутыкаецца з рознымі настаўнікамі: строгімі ці добрымі, вясёлымі ці сур’ёзнымі, са сваімі метадамі выкладання, але заўсёды мудрымі і цярплівымі. І ў першую нядзелю кастрычніка мы абавязкова ўспамінаем кожнага з іх і кажам “дзякуй”. А ў адукацыйным асяроддзі існуе добрая традыцыя — напярэдадні Дня настаўніка збірацца разам і ўшаноўваць лепшых з лепшых на цырымоніі “Прызванне 2015”.

У пятніцу ўсе, хто мае дачыненне да адукацыі і выхавання, ветэраны педагагічнай справы сабраліся разам у Раённым цэнтры культуры. Для маладых педагогаў гэта першае прафесійнае свята ў іх жыцці, для тых, хто сёлета пайшоў на заслужаны адпачынак, — крыху сумная падзея, але яшчэ адна нагода ўспомніць гады, якія яны разам з вучнямі прайшлі па краіне ведаў.

Яшчэ да пачатку ўрачыстасцей у фае РЦК гучала прыемная музыка, а віноўнікі свята частаваліся ў імправізаваным кафэ “Пачастунак” Урбанскай школы ці з цікавасцю разглядалі экспанаты выставы: вышываныя карціны, самаробныя лялькі, упрыгажэнні з бісеру, рэчы з лазы і вырабы з дрэва, зробленыя рукамі настаўнікаў раёна.

На ўрачыстаць да педагогаў у гэты дзень заглянула шмат ганаровых гасцей, сярод іх старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі і райсавета Ніна Пучынская, якія першымі з цёплымі віншаваннямі звярнуліся да прысутных у зале.

— Настаўнік — адна з самых высакародных, але цяжкіх і адказных прафесій. Педагогі з маленства вучаць нас думаць, несці адказнасць за свой выбар. Менавіта таму для кожнага Дзень настаўніка — гэта душэўнае і радаснае свята, нагода ўспомніць пра тых, хто нас вучыў, — зазначыў Уладзімір Дранеўскі.

Да яго слоў віншавання далучылася і Ніна Пучынская, а таксама зазначыла, што педагогі раёна захоўваюць традыцыі, ужываюць новыя тэхналогіі, але заўсёды вучаць галоўнаму — быць годным чалавекам.

Увогуле ў гэты святочны дзень шмат добрых слоў было адрасавана настаўнікам, не раз многія з іх падымаліся на сцэну за ўзнагародамі. Так, У. Дранеўскі ўручыў лепшым з лепшых Ганаровыя граматы і падзячныя лісты райвыканкама. Нямала педагогаў былі адзначаны на рэспубліканскім узроўні: Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі атрымалі настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ахрэмаўскай школы Марыя Лашкова і намеснік дырэктара гімназіі Марына Пуйша, Граматы Міністэрства — педагог малодшых класаў СШ№2 Марыя Вяршыніна, біялогіі Ахрэмаўскай школы Святлана Лабэцкая, англійскай мовы гімназіі Вольга Лукша, дадатковай адукацыі ЦДМ Галіна Ставіцкая, фізічнай культуры і здароўя Слабодкаўскай школы Баляслаў Паніч. Асабліва ўрачыста сустракалі прысутныя сваю калегу настаўніцу англійскай мовы гімназіі Маю Дароніну, праца якой адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Нямала таленавітых настаўнікаў атрымалі ўзнагароды ад раённага Савета дэпутатаў з рук яго старшыні Ніны Пучынскай, а ў намінацыі “Твар прафесіі” каля 30 педагогаў былі адзначаны граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Крыху сумным стаў момант, калі на сцэну запрасілі ветэранаў педагагічнай працы, якія сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак, сярод іх Ірына Кузьмінова, Галіна Лукашонак, Ала Цалпан, Зінаіда Фурс, Наталля Кажаронак, Міхаіл Кахановіч, Раіса Рукман, Аліна Камінская, Ганна Гір’ят, Ядзвіга Кажаронак і Вольга Кульба. Яны атрымалі падарункі ад намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Вялічка, а зала падарыла ім бурныя апладысменты, яшчэ раз падкрэсліўшы, што такіх настаўнікаў у нас паважаюць і шануюць. Іх імёны назаўсёды залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю адукацыі раёна.

На працягу некалькіх гадзін у зале панаваў добры і святочны настрой, які ўвесь гэты час падтрымлівалі сваімі канцэртнымі нумарамі выхаванцы мастацкіх калектываў ЦДМ, а таксама госці з Віцебска — студэнты і выкладчыкі ветэрынарнай акадэміі.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.