Канцэрт класічнай музыкі

Главное


96900x200Канцэрт класічнай музыкі далі ў Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў два праслаўленыя маладыя беларускія музыканты — віяланчэліст Іван Карызна і піяніст Кірыл Кедук.

Гэтае выступленне з’явілася ўнікальнай музычнай падзеяй у жыцці горада, бо І. Карызна і К. Кедук з’яўляюцца лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў. Так, Іван прадстаўляў Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў класічнай музыкі “Еўрабачанне” ў Вене, з’яўляецца ўладальнікам бронзавага медаля і лаўрэатам ІІІ прэміі ХІV Міжнароднага конкурсу ім. П. І. Чайкоўскага і інш. Кірыл на міжнародным конкурсе “KlavierOlymp” у Германіі стаў адзіным у гісторыі гэтага мерапрыемства пераможцам, які адначасова выйграў першую прэмію і прыз глядацкіх сімпатый.

Геаграфія іх канцэртаў ахоплівае больш за 30 краін свету. Музыканты саліравалі з аркестрамі сусветнага ўзроўню, у іх ліку аркестр Марыінскага тэатра, Філарманічны аркестр Ніцы, “Віртуозы Масквы”, Ліверпульскі філарманічны аркестр. Ім давялося працаваць з такімі вядомымі дырыжорамі, як Уладзімір Співакоў, Валерый Гергіеў, Томас Зандэрлінг, Ёшыказу Фукумуру і інш.

Музычная сустрэча ў Браславе адбылася ў рамках еўрапейскага турнэ, у праграму якога ўключаны выступленні ў беларускіх гарадах. Пасля Беларусі таленавітыя музыканты адправяцца ў Галандыю, Англію, Польшчу. Па завяршэнні турнэ будзе запісаны дыск у Парыжы.

І. Карызна і К. Кедук выканалі для браслаўскай публікі творы П. Чайкоўскага, Д. Скрабіна, Д. Шастаковіча і іншых вядомых кампазітараў, а браслаўчане дзякавалі ім за гэта шчырымі апладысментамі.

Алена Набеева.

Фота аўтара.