Насустрач ветру

Главное


87300x200У святле захапленняў

 

Калі бачыш калону матацыклістаў у скураных куртках, міжвольна складваецца ўражанне, што байкеры, гэтыя вечныя вандроўнікі бязмежных прастораў, жывуць жаданнем адчування поўнай свабоды і паўнаты жыцця. Нейкая незразумелая сіла злучае чалавека з матацыклам, дае адчуць моц хуткасці і супраціўлення, напаўняе яго клеткі адрэналінам, ад якога закіпае кроў. Ён імчыцца насустрач ветру, з асалодай раствараецца ў гэтым акіяне моцнай стыхіі і бязмежнай прасторы, напаўняючы сваё сэрца радасцю і эйфарыяй. Байкерскі рух існуе больш за паўстагоддзе. Яго заснавальнікамі былі амерыканскія лётчыкі, якія вярнуліся з Другой сусветнай вайны і замянілі нябесных металічных птушак на матацыклы.

У васьмідзесятыя гады стыхійныя байкерскія брацтвы пачалі ўзнікаць і на прасторы Савецкага Саюза. У Беларусі байкерскі рух таксама пачаў развівацца ў 80-ыя гады і сёння працвітае. Аднак разам з ім жывуць і асноўныя стэрэатыпы, звязаныя з байкерамі. Развеяць даўнія ўяўленні і крыху прыпадняць заслону таямнічасці, якая ахутвае жыццё аматараў мотаруху, дапамог віцэ-прэзідэнт “ROAD DOGS МС” Ілья Забалотнікаў.

Віцебскае абласное грамадскае аб’яднанне мотаклуба  існуе ўжо больш за 10 гадоў. А зусім нядаўна і ў нашым горадзе з’явіўся ягог філіял , які стварылі браслаўскія аматары “жалезных коней”. У яго адрамантаваным “клубным доме” і адбылася наша размова.

Хто лічыць, што стаць членам мотаклуба лёгка, а байкеры — бесшабашныя людзі, якія злоўжываюць спіртным, сварацца, парушаюць правілы і рызыкуюць сваім жыццём, вельмі памыляюцца.

— Мотаклуб — гэта ў першую чаргу строгая дысцыпліна, — кажа мой гід у свет хуткасці і двухколых “жалезных коней”. — І калі адзін зробіць што-небудзь непрыстойнае, то адказнасць ляжа на ўсіх “братоў”. Таму выпадковым у нас не месца.

Каб стаць паўнавартасным членам клуба, спачатку трэба прайсці выпрабавальны тэрмін, які цягнецца год, а то і больш. Падчас паездак, сустрэч і злётаў кандыдат павінен паказць, наколькі ён сапраўдны таварыш, надзейны і прыстойны, адказны і годны. І, як адзначыў

І. Забалотнікаў, першая вандроўка на вялікую адлегласць і з’яўляецца добрай праверкай для навічкоў. Толькі той, хто прайшоў выпрабаванне, можа атрымаць камізэльку з эмблемай і назвай клуба, але яшчэ з няпоўнай нашыўкай. З цягам часу можна падняцца вышэй па “кар’ернай” лесвіцы таварыства. Для гэтага трэба праявіць свае арганізатарскія здольнасці і чалавечыя якасці.

Падчас паездкі ў Друйскі дзіцячы дом давялося пагутарыць з многімі “каралямі дарог”, і амаль усе параўноўвалі ўзаемаадносіны паміж членамі клуба з армейскімі, што, безумоўна, сведчыць пра дысцыпліну ў іх радах. Таму адны не вытрымліваюць і самі пакідаюць брацтва, а іншых нават і не прымаюць.

Дарэчы, не могуць стаць членамі клуба наркаманы, людзі з нетрадыцыйнай арыентацыяй і  жанчыны. Наогул, у кожным клубе свае правілы, таму гэты спіс не канчатковы.

Безумоўна, можна ўбачыць на дарогах і ліхачоў, якія ганяюць на вар’яцкай хуткасці і ўдзень, і ўначы ды ўяўляюць сябе “крутымі”. Але яны, падкрэсліў І. Забалотнікаў, да мотаклубаў ніякага дачынення не маюць, бо сапраўдныя байкеры — адказныя, сур’ёзныя і арганізаваныя.

Што датычыцца сацыяльнага партрэта членаў клуба, то гэта людзі, якія трывала стаяць на нагах, большасць з іх маюць сям’ю. Тут можна сустрэць прадстаўнікоў самых розных прафесій: індывідуальных прадпрымальнікаў, выратавальнікаў, банкіраў, эканамістаў, спартсменаў…

Але ўсіх аб’ядноўвае любоў да матацыклаў, руху, хуткасці і свабоды. У іх свая філасофія, падмуркам якой з’яўляюцца мужнасць і братэрства. Калі аднаму спатрэбіцца парада ці дапамога, астатнія абавязкова падтрымаюць, бо ўсе яны, адзначыў І. Забалотнікаў, браты па духу.

Што датычыцца адзення, то да яго выбару матыцыклісты падыходзяць вельмі сур’ёзна і патрабавальна. Гэта, у прыватнасці, скураныя ці джынсавыя штаны, куртка-“касуха” і камізэлька з эмблемай клуба, стылізаваны зручны абутак, добры шлем. У дальніх паездках пажадана мець пры сабе вопратку ад дажджу і спёкі.

І, несумненна, матацыкл. Напаліраваны да бляску “жалезны конь”, у які ўкладваецца столькі сілы, працы і любові, становіцца практычна жывым верным сябрам.

Але не варта думаць, што жыццё членаў клуба складваецца толькі з адных паездак, тусовак і пераборкі сваёй тэхнікі.

— Часта збіраемся сваімі сем’ямі, — расказвае Ілья Аляксандравіч, — адзначаем святы, дні нараджэння, падчас якіх праводзім спаборніцтвы, конкурсы. Многія жанчыны разам з мужамі выпраўляюцца ў дальнюю дарогу.

А яшчэ члены клуба “Road Dog’s” — частыя госці ў дзіцячых дамах, інтэрнатах для інвалідаў. Яны прывозяць падарункі, саладосці, але дзяцям больш цікава пракаціцца на прыгожай магутнай двухколай тэхніцы.

Алена Пятушка.