Першы крок у навучальны год

Главное

123x200Існуе ў педагогаў асаблівая традыцыя. Кожны год у апошнія дні жніўня яны збіраюцца на педагагічную канферэнцыю, каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года, акрэсліць планы і задачы на наступны, павіншаваць адзін аднаго з наступаючым святам. Вось і ў пятніцу людзі, якія абралі сваім крэда выхоўваць і вучыць дзяцей, сабраліся разам у гімназіі на сваю штогадовую нараду, тэмай якой стала “Рэгіянальная сістэма кіравання якасцю адукацыі: вопыт, стан і перспектывы развіцця ва ўмовах рэалізацыі Кодэкса аб адукацыі”.
Яшчэ задоўга да пачатку афіцыйнай часткі ў фае гімназіі было ажыўлена. Пасля летніх канікулаў у педагогаў знайшлося шмат тэм для абмеркавання: калегі гутарылі пра новы навучальны год, дзяліліся планамі, з гонарам расказвалі пра сваіх выпускнікоў і ўзгадвалі пра новаўвядзенні ў сістэме адукацыі. Пакуль адны бавілі час у размовах, іншыя з цікавасцю знаёміліся з матэрыяламі выстаў школ раёна. Сёлета ў краіне аб’яўлены Годам моладзі, таму невыпадкова, што ўсё прадстаўленае было падпарадкавана тэме адукацыі, развіцця творчых здольнасцей і занятасці самай значнай катэгорыі моладзі — дзяцей. Тут і яркія буклеты, інфарматыўныя распрацоўкі па даследчай і культурнай дзейнасці, арганізацыі вольнага часу падлеткаў, календары і іншае. Акрамя гэтага, кожная ўстанова адукацыі падрыхтавала мультымедыйныя прэзентацыі пра свае накірункі работы ў Год моладзі. Таму магчыма было хутка пазнаёміцца з кожнай школай і яе работай. З цікавасцю гэта рабілі запрошаныя на канферэнцыю госці.
Усё больш адукацыя раёна адыходзіць ад звыклых нам функцый вучыць і выхоўваць і ўсё больш імкнецца працаваць у накірунку развіцця школьніка як усебакова развітай асобы. Гэта значыць, каб ён не толькі меў трывалыя веды, але і развіваў свае спартыўныя ці мастацкія здольнасці, займаўся навуковай дзейнасцю, меў магчымасць цікава правесці вольны час. У педагогаў раёна працаваць у такім накірунку атрымліваецца выдатна. Пра гэта зазначыў у сваім выступленні і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч.
У цэлым ён падвёў вынікі мінулага навучальнага года і агучыў планы на наступаючы. Гаварыў і пра лепшых педагогаў і вучняў, дасягненні на абласным і рэспубліканскім узроўнях, не забыў узгадаць і праблемы, якія вырашыць пакуль не ўдалося, і над якімі трэба актыўна папрацаваць у новым навучальным годзе.
Увогуле ж для дзяцей у мінулым навучальным годзе былі створаны ўсе ўмовы: для школьнікаў з аддаленых населеных пунктаў арганізаваны падвоз, 99,3% былі ахоплены гарачым харчаваннем, у іх быў багаты выбар розных гурткоў, працавалі 176 факультатываў, 288 аб’яднанняў па інтарэсах, а летам 1100 дзяцей мелі магчымасць аздаравіцца ў 49 лагерах рознай накіраванасці. Такім чынам, былі створаны ўсе ўмовы, каб развівацца.
У большасці якасць адукацыі правяраецца вынікамі навучальнага года, поспехамі на алімпіядах, конкурсах. Амаль 6% вучняў скончылі школу на 9-10 балаў, з 202 выпускнікоў 11 класаў 5 сталі залатымі медалістамі, 1 — сярэбраным, 79 атрымалі пахвальныя лісты. У розных этапах рэспубліканскай алімпіяды прынялі ўдзел 204 школьнікі, выдатна праявілі сябе юныя браслаўчане ў абласным этапе, адкуль прывезлі 9 дыпломаў. Дзякуючы гэтаму, наш раён заняў 4 месца ў вобласці. З дыпломам 3 ступені вярнуўся вучань Дрысвяцкай школы з заключнага рэспубліканскага этапа. Штогод школьнікі з задавальненнем удзельнічаюць і ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Асаблівая ўвага гэтаму накірунку надаецца ў гімназіі, СШ№1, СШ№2, Ахрэмаўскай, Опсаўскай, Быстрамаўскай і Кансталінскай школах. Адным словам, сістэме адукацыі раёна ёсць чым ганарыцца.
Значная ўвага надаецца ў раёне адукацыі дзяцей, бо яна з’яўляецца падмуркам развітага маладога пакалення. Таму кожны год прадстаўнікі ўлады наведваюць педагагічную канферэнцыю. У пятніцу яе ўдзельнікаў павітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Яна зазначыла, што педагогі Браслаўшчыны захоўваюць лепшыя традыцыі беларускай адукацыі, выдатна рэалізуюць новыя метады навучання і раскрываюць творчы патэнцыял школьнікаў. Школы ж у апошні час сталі сапраўднымі астраўкамі культуры і прыгажосці, адпаведна, дзецям у іх вучыцца цікава і прыемна. Ніна Пучынская падзякавала ўсім за падрыхтоўку школ да новага навучальнага года, пажадала педагогам поспехаў і новых добрых вынікаў.
На канферэнцыі не раз гучалі імёны лепшых педагогаў. Менавіта з іх можа браць прыклад маладое папаўненне настаўнікаў раёна. Сёлета дружная педагагічная сям’я раёна прыняла ў свае рады 8 новых членаў. На канферэнцыі кожнага маладога настаўніка прадставілі, павіншавалі на пачатку прафесійнага шляху, падарылі кветкі і сімвалы — “Маладому спецыялісту — 2015”. Пранікнёным быў наказ вопытнай настаўніцы матэматыкі гімназіі, лепшай па прафесіі ў раёне ў намінацыі “Педагагічны работнік” Валянціны Мірановіч. Яна пасвяціла новае пакаленне ў педагогі і пажадала ім творчых поспехаў.
А ўсім прысутным святочны настрой сваімі канцэртнымі нумарамі дарылі самі педагогі і работнікі культуры раёна.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.