Успаміны пра маці

Главное

Седунова (Small)Маёй маці Марыі Багдановіч, на жаль, ужо няма разам з намі. Складаным і цярністым быў яе жыццёвы шлях — зведала яна сіроцкі хлеб, нястачу, ліхалецце ваеннай пары.
Жыла вялікая сям’я майго дзядулі Грыгорыя Седунова ў невялікай вёсачцы на Ушаччыне. Гадавалі дзетак, працавалі на гаспадарцы. Няшчасце напаткала знянацку. Усяго шэсць месяцаў было маленькай Марусі, калі ад хваробы памерла маці. І на руках гаротнага ўдаўца засталося сямёра дзяцей.
Праз некаторы час у хаце з’явілася новая гаспадыня. Але замяніць сіротам маці яна нават і не намагалася.
А ў 1937 годзе на сям’ю абрынулася новае выпрабаванне. Нехта з аднавяскоўцаў напісаў данос, што ў доме вісіць партрэт царскага жандарма. А гэта брат дзядулі да рэвалюцыі жыў і працаваў у Пецярбурзе жандармам. Ноччу прыехаў “чорны варанок”, і дзеці свайго бацьку больш ніколі не бачылі.
Да вайны маці скончыла 7 класаў, а на той час гэта была добрая адукацыя. Яна паступіла на курсы бухгалтара-лічыльніка ва Ушаччы, але скончыць іх не паспела.
Вайна ўварвалася ў жыццё людзей і змяніла іх мірны прывычны ўклад. Многія з іх мужна паўсталі на абарону сваёй роднай зямлі. Большая частка моладзі з матчынай вёскі перабралася ў суседні лес, дзе дзейнічаў партызанскі атрад. А зімой 1942 года і мая маці 16-гадовай дзяўчынкай прымкнула да народных мсціўцаў.
Спачатку яна выконвала розную дробную работу па кухні, а праз некаторы час Марыя ўдзельнічала ў баявых заданнях на чыгунцы, неаднойчы стаяла ў каравуле, даводзілася перасякаць і лінію фронту. Безумоўна, такое “падарожжа” было цяжкім і небяспечным, асабліва зімой. Прабіраліся партызаны па акупіраванай тэрыторыі, абыходзячы нямецкія гарнізоны і заставы, таму іх шлях быў доўгім. Але не зважаючы на стомленасць і жах, у партызанскі атрад яны ўпарта неслі на сваіх плячах здабытую разнастайную зброю.
Са слязьмі на вачах маці ўспамінала, як падчас аднаго такога паходу партызаны вырашылі заначаваць у яе роднай вёсцы. Яна накіравалася да сваёй хаты. Мачыха не адразу пазнала падчарыцу, таму не спяшалася адчыняць дзверы. І толькі калі Маруся назвала сваё імя, яе з радасцю пусцілі.
У красавіку — маі 1944 года фашысты арганізавалі блакаду на партызан. Маці з цяжкасцю пашчасціла вырвацца жывой і цэлай.
Пасля далучэння партызанскага атрада да Чырвонай Арміі маці прадоўжыла свой баявы шлях. Прайшла Ушачча, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Даўгаўпілс, Пілаў (Усходняя Прусія). А на пасту рэгуліроўшчыцы ў Кёнігсбергу пачула доўгачаканную вестку пра перамогу. З пачуццём радасці і болю ўспамінала яна той шчаслівы дзень:
— Вакол усе плакалі і смяяліся, танцавалі і спявалі, незнаёмыя людзі абымаліся і цалаваліся.
За сваю мужнасць маці ўзнагароджана медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “Партызану Айчыннай вайны”, “За перамогу над Германіяй”, мае юбілейныя ўзнагароды.
Пасля вайны Марыя выйшла замуж і перасялілася ў Ахрэмаўцы, нарадзіла і выгадавала двух дачок.
Пра вайну яна расказваць не любіла, дакладней, не магла. Мы, яе дочкі, вельмі ганарымся сваёй слаўнай матуляй. Бязмерна ўдзячны ўсім ветэранам за чыстае, блакітнае і мірнае неба над нашай галавой.

Дачка Вольга
Багдановіч — Міхайлава.