Школа армейскага жыцця

Главное

Школа армейскага жыццяЛета — час адпачынку дзяцей у школьных лагерах рознай накіраванасці — спартыўных, краязнаўчых, патрыятычных. А вось 10-класнікі ўстаноў адукацыі раёна па традыцыі ў пачатку чэрвеня з’язджаюцца ў адзін з самых цікавых лагераў — абаронна-спартыўны для дапрызыўнай моладзі. Сёлета ён у шосты раз пад сцягам сяброўства сабраў 75 самых смелых і мужных юнакоў раёна ў адну каманду.
Кожны год арганізатары лагера, а гэта цэнтр дзяцей і моладзі, а таксама аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прыдумваюць будучым салдатам новыя выпрабаванні, мерапрыемствы, а таксама месца размяшчэння. Пэўныя новаўвядзенні адбыліся і на гэты раз. Так, упершыню лагер праходзіў на базе Слабодкаўскай школы. А вось дапамагчы ў яго правядзенні традыцыйна адгукнуліся раённы ваенны камісарыят і пагранічнікі. Прадстаўнікі гэтых службаў у розныя дні наведалі будучых абаронцаў Айчыны, пагутарылі з імі, падзяліліся ведамі і на практыцы паказалі, што павінен умець сапраўдны салдат. Але ж адна справа, калі прадстаўнікі сілавых структур проста праводзяць заняткі, і зусім іншая, калі яны цэлы тыдзень знаходзяцца разам. Таму самым цікавым новаўвядзеннем сёлетняга лагера для 10-класнікаў стала тое, што цэлы тыдзень яны пераймалі майстэрства ў курсантаў 3 курса факультэта ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі РБ.
Юнакоў адразу пасля прыбыцця размеркавалі на чатыры ўзводы, за кожным з якіх замацавалі старэйшага сябра і дарадчыка — курсанта акадэміі. За пяць дзён школьнікі на практыцы адпрацоўвалі набытыя за вучэбны год веды па дапрызыўнай падрыхтоўцы, удзельнічалі ў ваенна-палявых зборах. Умовы іх жыцця і рэжым былі максімальна набліжаны да армейскіх. Пад’ём, адбой, прыём ежы і заняткі толькі строга па раскладзе. Нават мабільная сувязь выдавалася толькі раз на дзень, каб патэлефанаваць родным. Аднак хлопцаў гэта ніколькі не пужала, наадварот, яны з цікавасцю прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і годна вытрымлівалі выпрабаванні. Як жа тут не старацца, калі перад табой выдатны прыклад — мужныя і смелыя будучыя разведчыкі. Дарэчы, сярод курсантаў Ваеннай акадэміі, якія завіталі ў абаронна-спартыўны лагер, быў і наш зямляк, браслаўчанін Ілья Станіслаўчык.
Падзяліцца сваімі ўражаннямі ад арганізацыі лагера я папрасіла курсавога афіцэра батальёна курсантаў факультэта ваеннай разведкі старшага лейтэнанта Антона Салановіча:
— Наш факультэт праводзіць шырокую прафарыентацыйную работу з дапрызыўнай моладдзю. Мы выступаем у школах, наведвалі лагер “Зубраня”, самі ладзім розныя мерапрыемствы. Таму калі нас запрасілі прыняць удзел у абаронна-спартыўным лагеры на Браслаўшчыне, то з задавальненнем згадзіліся. За гэтыя дні, што мы правялі разам са школьнікамі, заўважылі, як яны стараюцца як мага больш для сябе ўзяць ведаў. Мы ж у сваю чаргу праводзілі для іх заняткі па фізічнай культуры, ладзілі страявую падрыхтоўку, вучылі абароне ад зброі масавага паражэння, тактычнай падрыхтоўцы. Калі ў іх узнікалі пэўныя пытанні, з задавальненнем на іх адказвалі. У лагеры ўмовы максімальна набліжаны да армейскіх, таму можна не сумнявацца, што хлопцы стануць добрымі салдатамі.
Па водгуках школьнікаў, ім спадабалася ў лагеры, якая стала для іх сапраўднай школай армейскага жыцця. Магчыма, хтосьці з іх у будучым вырашыць звязаць свой лёс з ваеннай справай.
А па традыцыі, у адзін з дзён абаронна-спартыўнага лагера прайшло ўрачыстае прыняцце прысягі будучымі Абаронцамі Айчыны. З гонарам хлопцы вымаўлялі клятву вернасці Радзіме і сяброўству. За гэтых некалькі дзён яны па-сапраўднаму сталі камандай, аб’ядналіся і пасябравалі. Думаю, ніхто з іх не пашкадаваў, што трапіў у гэты лагер, а наступным, такім жа запамінальным для іх днём, стане ўжо сапраўдная армейская прысяга.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.