Цеплыня магічных лялек

Главное

КажурнаНе сакрэт, што многія жанчыны ды і мужчыны з бояззю чакаюць набліжэння пенсіі. У псіхолагаў і медыкаў ёсць нават тэрмін “пенсійны шок”. Няўжо гэта горшая пара жыцця чалавека?
Напрыклад, зорка сусветнага кіно францужанка Брыджыт Бардо ў пяцьдзясят гадоў казала: “Толькі зараз я набыла поўную свабоду і шчасце!” Яна прадала ўсе свае каштоўнасці і прысвяціла сябе абароне жывёл, пра што марыла яшчэ з дзяцінства. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што “трэці ўзрост” таксама можа прынесці шмат радасці, варта толькі знайсці занятак па душы.
Да пытання, чым заняць вольны час, які з’явіўся з выхадам на пенсію, жыхарка агр. Ахрэмаўцы Луцыя Кажурна падышла вельмі грунтоўна і разважліва.
Сваё прафесійнае жыццё яна прысвяціла служэнню яе Вялікасці Кнізе ў мясцовай бібліятэцы. А праз некалькі дзён пасля юбілею, які заканадаўча дазваляе лічыць сябе свабодным ад працы чалавекам, жанчына выправілася ў музей традыцыйнай культуры. Тут яна падрабязна пазнаёмілася з разнастайнай творчасцю яго супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Безумоўна, майстэрства браслаўскіх умельцаў уразіла Луцыю Іосіфаўну, і ў яе з’явілася жаданне заняцца адразу ўсім. Аднак адлегласць і адсутнасць магчымасці пастаянна наведваць майстар-класы астудзіла пыл наваспечанай пенсіянеркі.
— Давялося выбраць занятак, — кажа Л. Кажурна, — які не патрабаваў вялікіх затрат, спецыялізаваных прылад і які можна асвоіць самому. Так і занялася вырабам лялек-абярэгаў.
Гэта на першы погляд зрабіць такую ляльку проста. Аднак традыцыйная лялька мае шэраг тонкасцей і асаблівасцей. Так, пры яе вырабе не выкарыстоўваюцца колючыя і рэжучыя прадметы, бо будучая лялька павінна стаць сябрам і памочнікам чалавеку. Анучкі і ніткі трэба рваць, а не рэзаць. Для некаторых выкарыстоўваюць цэлыя кавалкі зношанай вопраткі, насычанай энэргетыкай канкрэтнага чалавека. Лялькі прапарцыянальныя часткам цела чалавека: маюць памеры далоней, пальцаў, даўжыні рук таму яны гарманічныя і завершаныя. Ім не малююць твар. Лічыцца, што калі гэта зрабіць, то ў ляльку ўселіцца чужы дух. А без твару яна проста перадае праз сябе тое, што ўклаў у яе чалавек.
Рабіць ляльку, адзначае Л. Кажурна, можна толькі ў добрым настроі і з чыстымі думкамі. Тады яна будзе засцерагаць ад бед і зайздроснікаў.
Пакуль што ў Луцыі Іосіфаўны калекцыя не надта вялікая, але ад кожнай яе лялькі ідзе прыемная цеплыня і пяшчота. Адразу разумееш, што іх рабіў пазітыўны, добразычлівы і светлы чалавек, якім і з’яўляецца аўтар.
На дадзены момант лялькі выстаўлены ў мясцовай бібліятэцы, і кожны жадаючы можа ўбачыць магічныя вырабы і адчуць іх станоўчую энэргетыку.
Творчая натура былога бібліятэкара прагне разнастайнасці. Таму Л. Кажурна захапілася яшчэ бісерапляценнем і джутавай філігранню. Яе яскравыя павучкі і пчолкі з бісеру, пано і дэкарыраваныя бутэлькі таксама пакуль што ўпрыгожваюць памяшканне скарбніцы кніг.
З надыходам вясны свае творчыя здольнасці Луцыя Іосіфаўна прымяняе на кветніках і ў агародзе. А калі зямля пойдзе на зімовы адпачынак, яна зноў з вялікім задавальненнем возьмецца за рукадзелле.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.