У рытме полькі і кракавяка

Главное

У рытме полькі і кракавякаСёлета нітку мерапрыемстваў фестывалю ўпрыгожыла яшчэ адно, новае і непадобнае на астатнія, — абласны турнір побытавых беларускіх танцаў. У скарбонцы беларускага народа шмат прыгожых, але, на жаль, сёння амаль забытых танцаў — кракавяк, полька, падыспань і іншыя. Удзельнікі ж турніру вырашылі даказаць, што ўмеюць танцаваць іх не горш, чым гэта рабілі іх дзядулі і бабулі.
Такое мерапрыемства праводзіцца ў рамках зарніц упершыню, таму не дзіўна, што паглядзець на танцавальныя спаборніцтвы сабралася шмат гледачоў. Між тым на турнір з усіх рэгіёнаў вобласці з’ехаліся 56 пар. Адметна тое, што гэта людзі рознага ўзросту, як школьнікі, так і тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку, так і роду дзейнасці, прафесіі многіх з іх не звязаны з танцамі. Аднак што іх усіх аб’ядноўвала, гэта ўменне танцаваць побытавыя танцы і жаданне паказаць, на што яны здольныя.
Удзельнікаў было столькі, што іх давялося падзяліць. Па чарзе групы танцавалі як вядомыя кракавяк, польку, лявоніху, так і не зусім знаёмыя простаму гледачу ва саду лі, какетку, лысы, каханачку. Нават калі ў нейкай пары не ўсё атрымлівалася, яны не засмучаліся, а з усмешкай зноў пускаліся ў скокі. Тут ужо і гледачы не маглі ўтрымацца, і хоць на месцы, а прытопвалі ў такт музыцы. Нават спякотнае надвор’е не пужала танцораў, а наадварот, падбадзёрвала іх.
Журы было не проста сярод шматлікіх удзельнікаў выдзеліць тых, хто выдатна сябе праявіў ва ўсіх танцах. У выніку з дзвюх груп выбралі лепшых танцораў, а потым пасля яшчэ некалькіх танцаў у фінал трапілі 10 самых лепшых пар.
Некалькі мінут хвалявання, і гран-пры абласнога турніру побытавых танцаў атрымлівае адна з самых маладых пар-удзельніц — Ягор Курыленка і Марыя Мартынава з Расонскага раёна.
Але нават тыя, у каго не ўсё атрымалася, не засталіся пакрыўджанымі, бо што можа быць лепш, чым у добрай кампаніі зноў пусціцца ў скокі. Будзем спадзявацца, першы абласны турнір побытавых танцаў на Браслаўшчыне стане традыцыйным.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.