Дом дзяцей — увесь свет

Главное

Для ВіцебскаБраслаўскі касцёл Нараджэння Маці Божай 3 чэрвеня правёў свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей. На запрашэнне парафіяльнага “Карытаса” адгукнуліся многія дзеці і іх бацькі. З райцэнтра і навакольных вёсак прыйшлі і прыехалі каля ста чалавек, некаторыя сем’ямі.
У парафіяльным доме гасцей чакала цікавая забаўляльная праграма: дзеці са звычайнымі і іншымі магчымасцямі паглядзелі сучасную імправізацыю казкі пра Чырвоную шапачку ў пастаноўцы тэатральнага гуртка цэнтра дзяцей і моладзі.
Пасля спектакля, які, мяркуючы па рэпліках і эмоцыях, дружных апладысментах, гледачам спадабаўся, ім было прапанавана прадэманстраваць свае таленты. Жадаючых прачытаць верш, загадаць загадку, спець песню было столькі, што ў першым туры ўсім жадаючым выступіць не ўдалося. З гэтай нагоды на вачах у некаторых хлопчыкаў і дзяўчынак заблішчэлі нават слёзы — дзятве хацелася і сябе паказаць, і падарунак атрымаць.
Пасля імправізаванага канцэрта пачаліся гульні, танцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі весялілася ад душы. А калі прыйшоў час абеду, усіх запрасілі за стол, дзе падсілкавацца можна было бутэрбродамі, фруктамі ды прысмакамі. А на развітанне ўсе дзеці атрымалі падарунакі.
Свята стала магчымым дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы чэшскага партнёра — “Карытаса” Прагі, — парафіяльнай дабрачыннай арганізацыі, а таксама той дапамозе, якую аказалі арганізатарам ЦДМ і валанцёры з гімназіі.

Тамара Пашкевіч.