Да пазнання праз цікавыя творы

Главное

IMG_8683 (Medium)У шчырай, нязмушанай атмасферы прайшла ў раённай дзіцячай бібліятэцы сустрэча вучняў 4 класа СШ №2 з дзіцячым пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам.
З жартамі і гульнямі Уладзімір Іванавіч размаўляў з дзецьмі на важныя тэмы сяброўства, любові да сваіх вытокаў, узаемаадносін чалавека і прыроды.
Не з пустымі рукамі завітаў пісьменнік да школьнікаў. Прыехаў ён з чароўнай торбай, паўнюткай падарункаў. Наперабой вучні расказвалі госцю вершы, каб атрымаць ад аўтара на памяць цікавую кнігу.
У сваіх творах У. Ягоўдзік даверліва, на роўных гаворыць з малымі пра тое, што “мялеюць, забруджваюцца рэкі і азёры, няшчадна высякаюцца лясы, асушваюцца балоты… Няма прытулку братам нашым меншым…” У яго кнігах можна знайсці шмат цікавых навуковых фактаў пра родную прыроду.
Багатая фантазія дапамагае Уладзіміру Ягоўдзіку прыдумваць займальныя сітуацыі: нібы чараўнік, ён адухаўляе дрэвы, кветкі, птушак, рыб, розных звяроў, грыбы, ягады, надзяляе іх здольнасцю адчуваць, перажываць і дзейнічаць. Ад гэтага ўсё наваколле становіцца незвычайна прыцягальным.
Але аўтар клапоціцца не толькі пра тое, каб даць дзецям як мага больш разнастайных звестак пра прыроду, ён уздзейнічае на эмоцыі, эстэтычныя пачуцці сваіх чытачоў, выхоўвае ў іх беражлівыя адносіны да наваколля, заахвочвае да пазнання яго загадкавых таямніц.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.