Дзеля здароў’я духу і бадзёрасці цела

Главное

вадохрышчаСвята Вадохрышча, ці як яно яшчэ завецца ў праваслаўнай царкве Богаяўленне, адзначаецца вернікамі ў памяць пра хрышчэнне Іаанам Папярэднікам (Прадцечам) Ісуса Хрыста ў водах ракі Іардан. Паводле Новага Запавету, Бог явіўся людзям у той дзень у 3 сваіх іпастасях: Бога-сына, які прыйшоў хрысціцца, Бога-бацькі, які сведчыў голасам з нябёсаў і Духа Святога, які з’явіўся падчас рытуалу ў выглядзе голуба. З гэтай нагоды царкоўныя традыцыі прадпісваюць вернікам акунацца тройчы, са словамі “У імя Бацькі, і сына, і Святога духа”, і такім чынам стаць членам царквы, амыцца ад таго, што было раней, каб прыняць новае.
Адметнай рысай сёлетняга Вадохрышча на Браслаўшчыне стала даволі цёплае надвор’е. На працягу некалькіх папярэдніх дзён панавала адліга, аднак у сам дзень 19 студзеня марозік, хоць і невялікі, але ўсё ж узяўся. І гэта, вядома, не магло не радаваць аматараў зімовага купання.
Нягледзячы на рабочы дзень, ужо апоўдні ля спецыяльна падрыхтаванай палонкі сталі збірацца людзі. Пасля абраду асвяшчэння вады, які правёў свяшчэннік Свята-Панцеляймонаўскага манастыра айцец Яўген, кожны жадаючы змог акунуцца ў купель і такім чынам змыць з сябе ўвесь духоўны і цялесны “бруд”. Такой магчымасцю скарысталіся … браслаўчан, сярод якіх былі старыя і малыя, мужчыны і жанчыны. Яшчэ ж больш людзей выступалі ў ролі гледачоў і груп падтрымкі, якія актыўна падбадзёрвалі сваіх родных і сяброў. Варта дадаць, што ў святочны дзень свяціла вельмі прыемнае сонейка, а таму многія пасля акунання нават не спяшаліся адзявацца – нібыта летам, яны падстаўлялі пад ласкавыя прамяні свае бакі і цешыліся.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.