Новы від дзейнасці

Люди

IMG_7620 (Small)Ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што цяпер у жорсткай канкурэнцыі з прыватнікамі, камбінаты бытавога абслугоўвання насельніцтва малых гарадоў калі і выжываюць, то ледзве-ледзве зводзяць канцы з канцамі. У такіх умовах важна знайсці ў сваёй сферы дзейнасці нейкую нішу, якая б дазваляла зарабляць «жывыя» грошы. Менавіта ў гэтым накірунку і пачаў пошук дырэктар РКБА Аляксандр Міхайлаў. Пасля маніторынгу рынку наконт попыту і прапановы на сетку-рабіцу, кіраўнік прыйшоў да высновы, што наладзіць выпуск агароджы з дроту — справа перспектыўная.
З дапамогай раённага бюджэту арганізацыя набыла за 18 мільёнаў рублёў станок-паўаўтамат для вырабу такой сеткі, і ўжо у лістападзе мінулага года выпусціла першую партыю прадукцыі. Характэрна, што на набытым станку можна вырабляць сетку вышынёй ад некалькіх сантыметраў да двух і больш метраў. Прадукцыя выпускаецца толькі па папярэдніх заказах.
Для сваіх патрэб сетку-рабіцу ўжо набылі Друеўскі і Мяжанскі сельсаветы, ПМС. І яна сапраўды каштуе менш, чым за яе просяць індывідуальныя прадпрымальнікі.
Цяпер вядуцца перагаворы з адміністрацыяй дома-інтэрната для састарэлых па вырабе секцый для агароджвання могілак. Чакаюць у РКБА і іншых заказаў.

На здымку: аператар станка-паўаўтамата Аляксандр Глушакоў.
Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.