Дзіцячы доктар

Люди

1Ужо паўгода педыятрам у паліклініцы ЦРБ працуе малады спецыяліст Кацярына Русецкая. Кіраўніцтва характарызуе новага медыцынскага работніка толькі станоўча. Калегі расказваюць, што Кацярына сумленная, таленавітая і працавітая. Многія мамы маленькіх пацыентаў таксама задаволены работай педыятра.
— Кацярына Эдуардаўна, скажыце, калі ласка, чаму выбралі менавіта медыцыну?
— На выбар будучай прафесіі паўплывала тое, што мая мама ўсё жыццё прысвяціла медыцыне, яна працуе фельчарам “Хуткай дапамогі”, дапамагае людзям, часта ратуе ім жыцці. ¬Я заўсёды ганарылася мамай і марыла стаць урачом.
— Як трапілі працаваць на Браслаўшчыну?
— Сама я родам з горада Масты Гродзенскай вобласці. У Браслаў прыехала працаваць па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта. Раней чула пра браслаўскія азёры, але ніколі не была тут. Як толькі прыехала ў Браслаў, а гэта быў жнівень 2014 года, не магла налюбавацца яго прыгажосцю. Лічу, што гэта асаблівае месца на Зямлі, тут удала спалучаюцца хараство прыроды з чалавечай шчырасцю і дабрынёй. На Браслаўшчыне жывуць чулыя, добразычлівыя людзі, гатовыя дапамагчы ў складаных сітуацыях нават зусім незнаёмаму чалавеку. У гэтым я ўпэўнілася на асабістым вопыце.
— А як прынялі вас у калектыве?
— Калі сказаць чэсна, я нават і не марыла пра такое стаўленне да маладога спецыяліста. Кіраўніцтва ЦРБ па-сапраўднаму клапоціцца пра сваіх работнікаў. Мне, напрыклад, дапамаглі знайсці кватэру і рэгулярна выдзяляюць матэрыяльную дапамогу, каб плаціць за здымаемае жыллё. Але самае галоўнае — гэта чалавечыя ўзаемаадносіны ў калектыве. Старэйшыя калегі Тамара Варанецкая і Тамара Дубіна заўсёды дапамагаюць у патрэбны момант трапнай парадай, бо, вядома, веданне тэорыі гэта вельмі важна ў медыцыне, але падказкі практыкуючых шмат гадоў медыкаў — гэта скарб для любога ўрача. Вы, напэўна, ведаеце, што за маладым спецыялістам у медыцыне заўсёды назірае калега са стажам. І мой куратар Антон Іосіфавіч Далецкі дапамагае ва ўсіх пытаннях. Нашы адносіны склаліся так, што я магу патэлефанаваць яму ў любы час і пракансультавацца, напрыклад, па падборы лекавых прэпаратаў для маленькага пацыента. Антон Іосіфавіч дапамагае мне не толькі па медыцыне, я магу папрасіць у яго парады нават у простых жыццёвых сітуацыях. Ён заўсёды слушна падкажа. Вельмі яму ўдзячна за такое стаўленне да мяне. І ўвогуле лічу, што мне пашанцавала, бо ў нашым калектыве ўзаемавыручка і ўзаемаразуменне крочаць побач.
— Чаму вы выбралі менавіта педыятрыю?
— Я вельмі люблю дзяцей, іх непасрэднасць і шчырасць. Безумоўна, лячыць іх — гэта вельмі вялікая адказнасць, тут трэба больш пільна назіраць за працэсам лячэння, уважліва падбіраць прэпараты, каб не нашкодзіць дзіцяці. Што і казаць, бывае, нават дыягназ паставіць вельмі складана, бо малыя не скажуць, што менавіта ім баліць. А яшчэ, як мне здаецца, дзеці ніколі не хлусяць, яны адкрытыя і нясуць толькі станоўчыя эмоцыі.
— Якія планы, Кацярына, у вас на бліжэйшую перспектыву?
— Планую працаваць, набірацца вопыту і лячыць дзетак. Спадзяюся, што ніколі не расчаруюся ў выбранай прафесіі.
— Дзякую за шчырыя адказы, жадаю вам поспехаў у вашай нялёгкай справе — лячыць людзей!

Гутарыла Вольга Патаповіч.
На здымку: Кацярына Русецкая з куратарам Антонам Далецкім.
Фота аўтара.