“Зорка Бетлеему” заззяла зноў

Главное

IMG_4800 (Small)У чатырнаццаты раз конкурс каляднай песні сабраў у Мёрах таленавітую моладзь з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі. На гэты раз паказаць сябе і пасапернічаць прыехалі дзесяць калектываў з дзевяці парафій. Два калектывы прыслала Друя – непасрэдна парафіяльны і дзіцячага дома. Былі і далёкія госці. Паўдзельнічаць у конкурсе прыехалі дзеці нават з Магілёва. Яны ды члены калектыву віцебскай парафіі “Святога духу” былі самымі юнымі, але не слабейшымі ўдзельнікамі гэтага мерапрыемства ў артыстызме і выканаўчым майстэрстве, за што пазней і былі адзначаны спецыяльнымі прызамі.
Напачатку прысутных шчыра вітаў біскуп Алег Буткевіч. Жадаючы поспеху кожнаму калектыву, м ён зазначыў, што кожны, хто прыехаў на конкурс, ужо пераможца, бо пажадаў моцай свайго таленту ўславіць Бога, падзякаваць яму за радасць жыцця, за атрыманы дар слыху і голасу.
І так атрымалася. Вядома, кожны хацеў трапіць у лік пераможцаў ці прызёраў. Але дух саперніцтва перамагалі добразычлівасць і падтрымка залай усіх выканаўцаў. Мяняліся на сцэне калектывы, рознілася іх выканаўчае майстэрства. Толькі ўсіх аб’ядноўвала калядная тэма песень і агульны ўзнёслы настрой спевакоў і музыкантаў.
Судзіла канкурсантаў прадстаўнічае журы, у складзе якога былі магістры мастацтваў і арганнай музыкі. Як зазначыў пры падвядзенні вынікаў конкурсу яго старшыня ксёндз з Глыбокага Вячаслаў Пялінак, суддям давялося паспрачацца пры вызначэнні лепшых. Аднак такім бясспрэчна стаў калектыў Шаркаўшчынскай парафіі. Трэцяе месца падзялілі браслаўчане і мёрцы. Другога журы вырашыла не прысуджваць.
Калектыў нашай парафіі “Крылы анёлаў”, у складзе якога Ян Бука, Уладзіслаў Мацеша, Аляксей Дзіковіч, Яўген Кажаронак, Антон Піртань, Антон Ундруль, Міхаіл Храпан выканаў песню “Цуд на Каляды”. Акрамя прызавога месца, нашы хлопцы атрымалі асабістую ўдзячнасць ад біскупа за дjбразычлівасць у адносінах да іншых выканаўцаў, падтрымку іх у час выступлення.
Сярод салістаў вызначыліся таксама нашы браслаўчанкі. Першае месца заваявала Эліна Пілат, другое — Яна Піртань.
Спецыяльным прызам журы адзначыла спявачак са Слабодкі, а біскуп — калектыў Друйскага дзіцячага дома.

Тамара Пашкевіч. Фота аўтара.