Новы год пад знакам дабрыні

Главное

IMG_7487 (Small)Для дзіцяці няма нічога больш важнага, чым любячая сям’я, утульны дом, цяпло матуліных і бацькавых рук. На жаль, тыя малыя, якія жывуць у дзіцячых дамах, дамах сямейнага тыпу пазбаўленыя гэтых маленькіх, але такіх важных для іх радасцей. Таму ў пераднавагоднія дні яны рады любому знаку ўвагі, госцю і падарунку, нават самаму маленькаму.
Каб дзеці, якія засталіся без бацькоў і зараз жывуць у Друйскім дзіцячым доме, адчулі чараўніцтва навагодніх святаў і паверылі ў цуд, напярэдадні Новага года на ранішнік да іх завіталі самыя розныя госці — і не з пустымі рукамі, а з самымі рознымі падарункамі.
Дзеці рыхтаваліся да іх прыезду доўга і з усёй адказнасцю. Актавая зала была цудоўна ўпрыгожаная, а ўсе дзеці прыбраныя ў навагоднія сукенкі і касцюмы Сняжынак, Зайчыкаў, Гномікаў. Работнікі ж дзіцячага дома падрыхтавалі для малых сапраўдную навагоднюю казку, у якой былі Дзед Мароз, Снягурка і іншыя чароўныя казачныя персанажы.
Адкрыў ранішнік старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён павіншаваў дзетак з наступаючымі святамі, пажадаў ім шчасця і заўсёды добрага настрою, а ў гэтыя чароўныя дні спаўнення ўсіх самых запаветных мар. Да такіх шчырых пажаданняў далучылася таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Самае прыемнае, што ганаровыя госці завіталі на ранішнік не проста так, — дзіцячаму дому яны падарылі халадзільнік.
На гэтым сюрпрызы не скончыліся, бо гасцей на мерапрыемстве было шмат. Акрамя шчырых слоў віншавання дзецям і дарослым, яны дарылі каштоўныя падарункі.
Так, першымі свае сюрпрызы ўручалі прадстаўнікі Полацкага пагранатрада. Кожны год яны выбіраюць адзін з дзіцячых дамоў і яго выхаванцам дораць падарункі. Сёлета мячамі, тэніснымі ракеткамі і трэнажорамі яны парадавалі маленькіх выхаванцаў Друйскага дзіцячага дома.
Прадстаўнікі РАУС на чале з начальнікам Вячаславам Грышчанкам падарылі малым веласіпеды і жартаўліва пажадалі сустракацца з імі толькі на мерапрыемствах з такой прыемнай нагоды. Павіншаваў прысутных і яшчэ адзін прадстаўнік у пагонах — свой сюрпрыз дзецям уручыў начальнік раённага дэпартамента аховы Мікалай Сільчонак.
Не застаўся ўбаку пастаянны шэф дзіцячага дома Браслаўскі філіял Беларусбанка, які кожны год прыязджае з віншаваннямі і сюрпрызамі. Дырэктар гэтай установы Сяргей Давыдаў таксама далучыўся да віншаванняў.
Дарослыя пастараліся, каб свята стала незабыўным. І ім гэта ўдалося, а выдатныя падарункі напоўнілі вочы дзяцей шчасцем.
Для гасцей быў падрыхтаваны выдатны канцэрт з удзелам выхаванцаў дзіцячага дома і іх педагогаў. У праграме было мноства вершаў, гульняў, дзе станоўчыя казачныя персанажы перамагалі зло. Як адзначылі ўсе прысутныя на свяце, галоўнае, каб дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі як мага часцей усміхаліся і радаваліся жыццю, каб навагоднія святы для іх прайшлі пад знакам дабрыні.
У гэты ж дзень Сяргей Шматаў наведаў яшчэ адну ўстанову — дзіцячыя яслі-сад №2 г. Браслава. І тут таксама не абыйшлося без падарункаў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтараIMG_7507 (Small)