Адзначылі лепшых

Новости

_MG_7013 (Small)Урачыстае закрыццё працоўнага семестра 2014 адбылося ў мінулую пятніцу. Мерапрыемства праходзіла на базе цэнтра дзяцей і моладзі і сабрала лепшых прадстаўнікоў студатрадаўскага руху на Браслаўшчыне.
Вынікі гадавой кампаніі па арганізацыі другаснай занятасці моладзі ў нашым раёне падводзілі ў фармаце ”Учора. Сёння. Заўтра!”. Вядучыя – першы сакратар райкама БРСМ Марыя Сяліцкая і актывіст арганізацыі Яўген Лабуць – пазнаёмілі прысутных з лепшымі традыцыямі студэнцкіх атрадаў, іх гісторыяй, сённяшнім днём і перспектывамі. Сваімі ўспамінамі наконт удзелу ў карыснай камсамольскай ініцыятыве падзяліўся намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Бараноўскі. З бягучай сітуацыяй у гэтай сферы ўдзельнікаў урачыстасці пазнаёміла М. Сяліцкая. Яна адзначыла, што сёлета на Браслаўшчыне ў складзе 26 атрадаў было працаўладкавана 468 чалавек. Прычым на працягу апошніх гадоў назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту гэтых лічбаў. Хлопцы і дзяўчаты дапамагалі аграрыям (25 атрадаў) і працавалі ў якасці абслугоўваючага персаналу на турбазе “Браслаўскія азёры” (1 атрад).
Афіцыйныя выступленні змяняліся творчымі справаздачамі школьных атрадаў. Трэба сказаць, што такі падыход да арганізацыі ўрачыстасці не толькі дазволіў маладым людзям праявіць сваю крэатыўнасць, але і значна разбавіў афіцыйнасць мерапрыемства. Свой уклад у стварэнне добрага настрою ўнеслі таксама салістка РДК Марына Карач і творчы калектыў Браслаўскага РАУС.
Аднак самай доўгачаканай часткай мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання. Падчас яе на сцэну падымаліся не толькі хлопцы і дзяўчаты, якія шчыра працавалі на зернетаках, палях і аб’ектах турыстычнай інфраструктуры, але і тыя, хто даў ім такую магчымасць. Так, у намінацыі “Лепшы наймальнік студэнцкага атрада” з найлепшага боку адзначаны СВК “Маяк Браслаўскі”. Адпаведную ўзнагароду з рук начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Спірыдонавай атрымаў намеснік старшыні сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Андрэй Шукель. Лепшымі ўдзельнікамі студэнцкіх атрадаў сталі Іна Бейнар, Людміла Шапуцька, Юрый Лібік (Опсаўскі дзіцячы – сад сярэдняя школа); Лізавета Саковіч (Ахрэмаўскі дзіцячы – сад сярэдняя школа); Аляксандр Мацулевіч (першая школа); Таццяна Стэльмачонак і Любоў Іманава (Друйская сярэдняя школа); Паліна Шышко, Кацярына Багародзь і Ксенія Сільчонак (гімназія).
Узнагароды ў намінацыі “Лепшы сельскагаспадарчы атрад” уручаў Мікалай Бараноўскі. Па выніках працоўнага семестра 2014 года найбольшую падтрымку сельгаспрадпрыемствам Браслаўшчыны аказалі атрады “Вулкан” (Друйская школа); “Ударнік” (Ахрэмаўскі сад – школа;) “Страла” (Опсаўскі сад – школа); “Лідар” (Слабодкаўскі сад – школа). Лепшым сэрвісным атрадам стаў, вядома ж, атрад “Хваля”, сфарміраваны з гімназістак.
Прыемным і прыгожым новаўвядзеннем гэтага года стала ўручэнне пераходнага вымпела “Лепшы студэнцкі атрад”. Яго першым уладальнікам стаў Опсаўскі ДССШ, які сёлета прыняў у кампаніі па часовым працаўладкаванні найбольш актыўны ўдзел.
У заключнай частцы мерапрыемства школьнікі ў форме адкрытага дыялога абмеркавалі са службовымі асобамі раёна і патэнцыяльнымі наймальнікамі перспектывы працаўладкавання на наступны год. Бо, як паказвае практыка, справа гэта карысная і мае вельмі шырокае кола зацікаўленых бакоў.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.