Залаты кацялок

Главное

IMG_4716Сёлета браслаўская гімназія пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама цэнтра дзяцей і моладзі правяла традыцыйныя раённыя турыстычныя спаборніцтвы “Залаты кацялок” у дзясяты раз. А пачыналася ўсё ў далёкім 2003 годзе, калі мерапрыемства дзейнічала ў фармаце адкрытага першынства па турыстычна-прыкладным шматбор’і ў закрытых памяшканнях толькі ўнутры гэтай навучальнай установы. Некалькі апошніх гадоў яно ўжо мае статус раённых спаборніцтваў і праводзіцца ў два дні.
У гэтым годзе за “Залаты кацялок” пажадалі пазмагацца ўсяго 6 школ, але толькі тры з іх разгарнулі сапраўдную барацьбу за перамогу. Дарэчы, супернічалі дзеці дзвюх узроставых катэгорый – сярэдняя група з 5—8 класаў, і старэйшая з 9—11.
Юным турыстам давялося прайсці праз 4 этапы. У першым яны павінны былі прадэманстраваць свае пачатковыя турыстычныя навыкі – правільна ўкласці рукзак, завязаць прапанаваны суддзём вузел, пакласці гаць і іншыя. У другім дзеці праехалі велатрасу з перашкодамі, і, трэба сказаць, не для ўсіх гэта аказалася лёгкім выпрабаваннем. Тэарэтычныя веды турыстаў праверылі ў этапе “Юны следапыт” – трэба было беспамылкова вызначыць значэнне пэўных тапазнакаў і адказаць на пытанні, якія датычыліся першай медыцынскай дапамогі. І ў апошнім тэхнічным этапе турысты мусілі як мага хутчэй прабегчы кароткую дыстанцыю, пры гэтым суддзі назіралі за іх тэхнікай.
Па выніках двухдзённых спаборніцтваў першай стала каманда з Опсы, і менавіта яна атрымала “Залаты кацялок”, другое месца занялі гаспадары, а “бронзу” прысудзілі друянам.
Прыемна, што ў спаборніцтвах прымалі ўдзел і маленькія дзеці. Так, Уладзіслаў Кароль са Слабодкі прывез усю сваю вялікую сям’ю. І гэта вельмі добра, бо турыстычныя навыкі трэба перадаваць у самым малодшым узросце. Будзем спадзявацца, што нашы юныя турысты калісьці паўдзельнічаюць і ў прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтвах, а ўсе перадумовы для гэтага ёсць. Напрыклад, сёлета ў гімназію прыйшла працаваць адна з самых вопытных турыстаў Алена Селях, а ў СШ №2 зараз фізічную культуру выкладае Аляксей Салак, вядомы сваім сур’ёзным падыходам да турыстычнай падрыхтоўкі дзяцей.

Галляш Сялява.
Фота Вячаслава Крапа.