Зберажом лясную прыгажуню

Главное

IMG_4654 (Small)Ці часта мы перад навагоднімі святамі задумваемся пра праблему зберажэння хвойных насаджэнняў? Думаю, мала каго хвалюе іх лёс. Традыцыя свята абавязвае не толькі закупіць прадукты да святочнага стала, але і набыць зялёную прыгажуню. Таму адны адпраўляюцца на бліжэйшы ёлачны кірмаш, іншыя, узброіўшыся тапорыкам, — прама ў лес.
Адшумелі вясёлыя дні, і вось навагоднія дрэвы, пераліваючыся рэшткамі дожджыку, які больш нагадвае слёзы, сіратліва ляжаць на звалцы.
А кожны гектар сасновага лесу выдзяляе 5,65т кіслароду ў год, затрымлівае на кронах дрэў да 35т пылу з разнастайнымі сумесямі. Безумоўна, пра тое, што зялёныя насаджэнні ачышчаюць паветраныя басейны гарадоў, пасёлкаў ад пылу, шкодных газаў, дыму і сажы, ахоўваюць жыхароў ад гулу, ведаюць усе. Але, на жаль, мала хто задумваецца пра гэта ў перадсвяточнай мітусні, калі кожны імкнецца прынесці ў хату хоць бы маленькую елачку.
Таму кожны год у навучальных установах краіны ў снежні стартуе акцыя “Зберажом зялёную елку”, каб фарміраваць у вучняў экалагічныя веды і беражлівыя адносіны да прыроды, развіваць творчыя здольнасці і прапагандаваць мастацтва аранжыроўкі і дызайну інтэр’ера школ, кватэр да навагодніх свят.
У Відзаўскай сярэдняй школе такая акцыя стартавала ўжо на мінулым тыдні. З неабдымнай фантазіяй падышлі вучні да стварэння сваіх навагодніх кампазіцый, і калідор школы зараз нагадвае пярэсты незвычайны парад навагодніх прыгажунь з макароны, саломы, сухіх кветак, аднаразовага посуду, паперы, пер’яў, прыроднага матэрыялу. А забаўныя авечкі, снегавікі, дзеды марозы са сягуркамі і лясныя жыхары надаюць радасны святочны настрой.
Несумненна, вучням малодшых класаў зрабіць гэткую прыгажосць дапамагалі бацькі, што вельмі добра, бо яны разам са сваімі дзецьмі вучацца не толькі творчасці, а і ўзаемапаразуменню.
Наогул, як адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Ганна Баліка, супрацоўніцтву з бацькамі ва ўстанове надаецца вялікае значэнне, бо гэта спрыяе станоўчаму выніку ў выхаванні дзяцей. Ды і бацькі ў сваю чаргу ідуць насустрач педагогам і актыўна ўдзельнічаюць у школьным жыцці сваіх дзяцей. Доказам таму з’яўляюцца і цудоўныя кампазіцыі Вікторыі Пашкевіч, Уладзіслава Шпакоўскага, Яна Паўкшты, створаныя ў творчым тандэме з бацькамі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_4657 (Small)