Тэст на чалавечнасць

Главное

IMG_4485 (Small)У кожнага чалавека свае жыццёвыя дарогі і сцежкі. Але часам на гэтым непрадказальным шляху сустракаюцца перашкоды і выпрабаванні, які трэба з годнасцю пераадолець і вытрымаць, іншы раз грэбуючы ўласнымі планамі, марамі і жаданнямі, як гэта зрабіла ў свой час Вераніка Шлапека з Замошша.
Яна была ўжо даволі сталай, калі прыйшлося ўзяць на свае плечы клопат і адначасова вялікую адказнасць за выхаванне пляменнікаў.
Страшная хвароба — парок сэрца — звалілася на родную сястру Веранікі Казіміраўны, як гэта заўсёды і бывае, знянацку і адразу выставіла перад жанчынай свае правілы і патрабаванні. Амаль сямнаццаць гадоў змагалася гаротніца з напасцю, але сілы, на жаль, былі няроўнымі. Разумеючы сваё трагічнае становішча, жанчына яшчэ пры жыцці прасіла родную сястру не пакінуць чацвярых яе дзетак.
Роспач і боль за будучыню сваіх крывінак у хворай маці павялічвалася ў разы ад ненадзейнасці мужа, які ніколі не адказваўся ад лішняй чаркі спіртнога. А пасля смерці жонкі ён наогул перастаў клапаціцца пра дзяцей. Таму яны з радасцю перайшлі жыць у дом да бабулі з цёткай. Ды і не магло быць інакш, бо не маглі і не хацелі родныя пакінуць сіротак на плынь невядомага лёсу.
— Пра адно прасіла Бога, — кажа Вераніка Казіміраўна, — каб ён даў мне сілы.
Хоць вялікага дастатку ў сям’і і не было, затое ў хаце панавалі лад і паразуменне. Паціху востры боль ад страты дарагога ўсім чалавека адступаў, жыццё наладжвалася, дзеці ўпэўніліся, што не адны засталіся. У хуткім часе невялікі дом у Рукшах памянялі на больш прасторны ў Замошшы.
Шчырай любоўю, клопатам і дабрынёй агарнула В. Шлапека пляменнікаў. Прыкладная працаўніца на ферме, добрая гаспадыня і паварыха, яна заўсёды імкнулася, каб дзеці былі дагледжаны, у хаце панавала чысціня, а ў печы стаяла смачная страва, яшчэ і саладосці выпякаць паспявала. Да таго жанчына сілу разнастайных траў лекавых ведае, таму і лячыла дзетак толькі народнымі сродкамі.
Ішоў час, а Вераніка Казіміраўна так і не стварыла ўласную сям’ю.
— Былі прапановы, — заўсміхалася мая субяседніца, — але найперш думала пра дзяцей. Баялася, што іх пакрыўдзяць, кавалкам хлеба папракнуць.
Чалавечнасць. Гэтая якасць арыентуе людзей на праяўленне чуласці, добразычлівасці, клопату да навакольных, імкненне заўсёды дапамагчы. Мы пастаянна ў жыцці здаём тэст на чалавечнасць. Аднак далёка не ўсе яго вытрымліваюць. Пляменнікам В. Шлапекі, безумоўна, вельмі пашанцавала, бо іх цётка ў поўнай меры надзелена гэтай патрэбнай усім нам якасцю.
У адказ на любоў і спагаду блізкага ўсе дзеці выраслі годнымі людзьмі, хоць і маюць свае сем’і, нават унукаў, з вялікай удзячнасцю адносяцца да цёткі-маці, дапамагаюць ёй. На святы збіраюцца разам, і хата напаўняецца вясёлым гоманам, смехам, а ў паветры вітае смачны водар разнастайных страў, прыгатаваных ужо маладзейшым пакаленнем.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.