Трэба прыспешваць: зіма не за гарамі

Главное

IMG_6153 (Small)На апошняй нарадзе начальнікаў інспекцый дзяржтэхнагляду, якая праходзіла ў нашым раёне, кіраўнік абласной службы Валерый Буракоў ставіў у прыклад работу браслаўчан па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. З яго вуснаў прагучала і такая цікавая інфармацыя: за два апошнія гады колькасць новай тэхнікі, за работай якой па гарантыях заводаў-вытворцаў сочаць інспектары, скарацілася на трэць. Гэта значыць, што тэхнікі ў гаспадаркі стала паступаць менш. А, значыць, і адносіцца да яе, захоўваць у межсезонне трэба як мага лепш.
Корма- і збожжанарыхтоўчыя камбайны павінны былі быць закансерваванымі і пастаўлены на зіму да 20 кастрычніка. Уся астатняя тэхніка, за выключэннем занятай на вытворчасці — да 1 лістапада. Кожны інжынер гаспадаркі атрымаў адпаведныя дакументы з патрабаваннямі пра аперацыі, якія неабходна правесці з тым ці іншым агрэгатам, перш чым паставіць яго на зімовае захоўванне.
У мінулую пятніцу разам з галоўным спецыялістам упраўлення райсельгасхарча Максімам Сельскім праверылі, як ідзе гэты працэс ў ААТ «Новая Гвардыя» і Бярозавы край».
На машынным двары ў Богіна жыццё яшчэ цеплілася. Механізатары корпаліся ля тэхнікі. Асобныя агрэгаты пастаўлены на захоўванне. А вось перад тым, як кансерваваць механізмы, варта было б абкасіць пляцоўку, падрамантаваць агароджу. Памыты і загнаны ў гаражы збожжаўборачныя камбайны. Нахільныя ж карабы не зняты, і рабіць гэта ў «Новай Гвардыі» не збіраюцца. І тлумачаць гэта тым, што карабы здымаюцца толькі ў Браслаўскім раёне, але што далёка не так. Патрабаванне такое тычыцца ўсіх, і рана ці позна, але здымаць нахілкі інжынера прымусяць.
У адрознене ад леташняга года, сёлета зернесушылка ў Казянах вычышчана. Завальную ж яму брэзентам так і не закрылі. Дождж і снег зробяць сваю справу — бункер заржавее і згніе. Другой жа такой сушылкі не купяць, бо няма за што.
Шмат яшчэ работы па пастаноўцы тэхнікі і ў «Бярозавым краі». Але ўсё, што там робіцца, то дыхтоўна, па-гаспадарску, з захаваннем адпаведных нарматываў. Безумоўна, прыспешыць з пастаноўкай камбайнаў трэба, зіма не за гарамі. А яе сёлета абяцаюць раннюю.

Аляксандр Азевіч.
На здымку: механізатар ААТ «Бярозавы край» Віктар Пушкароў за афарбоўкай жняяркі.