Пад стук колаў

Люди

_MG_5892 (Small)Многія ведаюць, што ў Браславе некалі была чыгунка, а прыгожы жоўты будынак у пачатку вуліцы Садовай служыў вакзалам. Аднак вось ужо больш за 50 гадоў наш горад не чуе стуку колаў аб стыкі рэек: у 1960-х было вырашана дэманціраваць вузкакалейку.
Тым не менш чыгунка ў раёне ёсць. Больш за тое, яна спраўна і штодзённа жыве сваім, няхай і нябачным для абсалютнай большасці з нас, жыццём. Адзіная на Браслаўшчыне чыгуначная станцыя “Друя” знаходзіцца ў падпарадкаванні УП “Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі”. Эксплуатуецца яна з 1932 года і цяпер з’яўляецца канечнай: тут заканчваюцца маршруты, якія звязваюць наш раён з Віцебскам і Мінскам.
Але так было не заўсёды: да 1963 года пасажыры мелі магчымасць па вузкакалейцы даехаць да Браслава і далей у Літву. Праўда, для гэтага трэба было пешшу пераадолець невялікую адлегласць да другой станцыі. Грузы з адных цягнікоў на другія перагружалі з дапамогай коней. Дарэчы, наяўнасць у Друі чыгункі з шырокай каляёй дала неафіцыйную назву ўсёй усходняй частцы пасёлка: мясцовыя жыхары называюць яе “шырокай”. Таму і пачуць у пасёлку “жыву на шырокай” ці “пайшоў на шырокую” можна вельмі часта.
Сучасны будынак станцыі ўзведзены ў 1980-х. У ім ёсць усе неабходнае для якаснага абслугоўвання пасажыраў, работы спецыяльнага абсталявання і кіравання ім, адпачынку паязных брыгад. Крыху абасоблена працуе таварная кантора. Побач – 12 пуцей, кожны з якіх мае сваё прызначэнне.
У Друю штодзень прыбываюць саставы, прычым і пасажырскі, і грузавыя. Па словах начальніка станцыі Юрыя Грык’яна, за год яе паслугамі карыстаюцца ў сярэднім 3,5 – 4 тысячы пасажыраў. Раней, калі не існавала пагранічнай зоны і звязаных з ёй абмежаванняў, гэтая лічба была амаль удвая большай. Пасажырапаток змяняецца ў залежнасці ад дзён тыдня і пары года. Няцяжка здагадацца, што яго пікі звязаны з выхаднымі і святочнымі днямі. Таксама пасажыраў традыцыйна больш летам. Здзівіла тое, што ў касе станцыі можна купіць білеты амаль да любога пункта прызначэння на тэрыторыі былога СССР – гэта прыемная асаблівасць цэнтралізаванай сістэмы Беларускай чыгункі.
Што тычыцца грузаў, то яны, дарэчы, як і людзі, актыўна “едуць” у абодвух накірунках. Да нас часцей за ўсё вязуць грузы сельскагаспадарчага прызначэння (пераважна мінеральныя ўгнаенні) і будаўнічыя матэрыялы. Вывозяць, як правіла, лес.
Аднак сфера адказнасці работнікаў станцыі не абмяжоўваецца некалькімі будынкамі і платформамі. Трэба яшчэ падтрымліваць у належным стане пуці, стрэлкі, пераезды, сігналізацыйнае абсталяванне і іншае. З гэтымі задачамі выдатна спраўляюцца 12 супрацоўнікаў. З іх сфарміраваны службы пуці, сігналаў, сувязі, дзяжурныя, адміністрацыя. Як адзначае Ю. Грык’ян, калектыў зладжаны і ўстойлівы, многія працуюць у ім ужо не адзін дзясятак гадоў. А таму паміж людзьмі пануюць добразычлівыя зносіны і разуменне адзін аднаго з паўслова.
Адметна, што ў калектыве знайшлося месца траім жанчынам. Прычым адной з іх даверана няпростая і адказная пасада – дзяжурны па станцыі. У абавязкі Алены Булах уваходзіць кантроль за рухам саставаў, падтрыманне сувязі з паязнымі брыгадамі, продаж білетаў. І вось ужо 22 гады жанчына спраўляецца з імі выдатна. За гэты час да яе камунікабельнасці, адказнасці і актыўнасці дадаўся вялізны вопыт, што сёння робіць Алену Казіміраўну адным з лепшых спецыялістаў у сваёй справе.
Такім чынам, чыгунка з карты Браслаўшчыны не знікла. І няхай у межах нашага раёна рэйкі працягнуліся толькі на некалькі кіламетраў, аднак іх значэнне ў жыцці прадпрыемстваў і звычайных людзей цяжка пераацаніць. Для адных яны – зручны спосаб перамяшчэння ў прасторы, для іншых жа – усё жыццё.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Алена Булах на дзяжурстве