У Даўгаўпілсе шумеў “Беларускі кірмаш”

Главное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAГэтае фальклорнае свята праходзіла ў чацвёрты раз. Сёлета яно выйшла на новы ўзровень і стала міжнародным фестывалем народнай культуры.
Кожны год мяняецца і тэма свята. Летась гэта было сватаўство, у гэтым годзе – вяселле, сапраўднае, беларускае, народнае, з песнямі, прыпеўкамі, танцамі.
У кірмашы былі задзейнічаны творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры і культурна – асветніцкага таварыства “Уздым”.
Пашырылася ў гэтым годзе і геаграфія яго ўдзельнікаў. Акрамя артыстаў з латвійскіх гарадоў, былі госці з Літвы і Беларусі. Удзельнічалі ў свяце і браслаўчане.
Песняй “За маладых” парадаваў суседзяў народны ансамбль песні “На панадворку”. Вельмі спадабалася, і браслаўскія артысты праспявалі візітную картку сваіх выступленняў “На панадворку”. А на іншых пляцоўках у іх выкананні гучалі песні “Браслаўскі край” і “Чарка на пасашок”.
Прывезлі на свята свае работы і майстры клуба “Ля возера”. Іх прадстаўлялі Эла Зінкевіч і Людміла Рулевіч.
Праходзіў “Беларускі кірмаш” у Палацы культуры. У фае працавалі выставы рамеснікаў з вырабамі, якія звычайна дарылі на вяселле. Прадаваліся сувенірныя магніты, зробленыя маладзёжнай камандай “Уздыму”. А ў кафэ Палаца ў гэты дзень было асаблівае меню з беларускімі дранікамі.

Зінаіда Палулех.