Ушанавалі дзіва беларускага стала

Главное

SAMSUNG CAMERA PICTURESУ нашай краіне ўстойліва захоўваюцца традыцыі. Тычыцца гэта і нацыянальнай кухні. З далёкіх стагоддзяў да сённяшніх дзён дайшлі шматлікія самабытныя стравы. Асабліва разнастайнымі ў беларусаў яны атрымліваюцца з бульбы, якую да гэтага часу называюць другім хлебам і справядліва лічаць сапраўдным дзівам. Вось і работнікі Далёкаўскага СДК напрыканцы верасня ўшанавалі гэты спрадвечны беларускі ласунак.
З раніцы фае Дома культуры ператварылася ў сялянскую хату з карміцелькай-печчу і сталамі, багата ўстаўленымі рознымі стравамі з бульбы. Іх прыгатавалі жыхары вёскі. Вядучыя Дзмітрый Мачульскі і Галіна Ларчанка ў вобразах гаспадароў прывіталі далячан, павіншавалі іх са святам і адзначылі вяскоўцаў, якія на вялікіх плошчах сваіх прысядзібных участкаў вырошчвалі бульбу. Гэта Лапкоўскія, Ларчанкі, Міхновічы, Краты, Мачульскія, Ундрулі і многія іншыя. Старшыня сельвыканкама Марыя Баліка падзякавала руплівым працаўнікам і ўручыла прыз пераможцам — Дзмітрыю і Валянціне Мачульскім. Потым адбылася тэатралізаваная прэзентацыя каля 20 гатункаў другога хлеба, падчас якой сутыкнуліся ў бойцы каларадскі жук і бульбіна, ролі якіх выдатна выканалі Ала Шулья і Алена Куляшова. Прысутныя, якіх, дарэчы, сабралася многа, удзельнічалі ў цікавых гульнях, цешыліся з выступлення групы “Валошкі” СДК.
А затым настала самая прыемная частка свята: гаспадар з гаспадыняй запрасілі ўсіх у хату пачаставацца. Бульбяныя клёцкі з душамі, дранікі, таўчонікі з сырам, з каўбасой — госці адчулі далячанскі смак! Завяршылася свята цудоўным канцэртам артыстаў Ахрэмаўскага цэнтра нацыянальнай культуры.
Хачу адзначыць яшчэ аднаго чалавека, які ўнёс вялікі ўклад у падрыхтоўку свята. Жанна Міхновіч намалявала эскізы і сваімі рукамі пашыла арыгінальныя касцюмы для каларадскага жука, бульбіны, гаспадыні.
У заключэнне вядучыя падзякавалі вяскоўцам і гасцям за ўдзел у свяце і ўшанаванне бульбы, тыя ж у сваю чаргу выказалі удзячнасць за прыемна праведзены час.

Віктар Дунец.