Злёт маладых валанцёраў

Главное

IMG_2651 (Small)Маладзёжны злёт валанцёраў прайшоў у Браславе 24-27 ліпеня. Яго арганізавала Браслаўскае раённае грамадскае аб’яднанне трансгранічнага супрацоўніцтва “Еўрарэгіён «Азёрны край»” пры падтрымцы мясцовых улад і раённай арганізацыі БРСМ. Злёт з’яўляўся часткай міжнароднага праекта “Час, падораны нам: моладзь за ўстойлівае развіццё і валанцёрскі рух”. Яго мэта – дыягностыка стану ўзаемадзеяння дзяржаўных структур і грамадскіх аб’яднанняў раёна, папулярызацыя валанцёрскага руху, прапаганда здаровага ладу жыцця, а таксама дапамога арганізатарам фестывалю “Viva Braslav!”.
На працягу чатырох дзён браслаўскія хлопцы і дзяўчаты з ліку навучальнай і працуючай моладзі (усяго 25 чалавек) жылі ў палатачным гарадку на тэрыторыі турбазы “Браслаўскія азёры”, вучыліся і працавалі.
Заняткі з валанцёрамі праводзіла дырэктар сталічнай асветніцкай установы “Офіс прасоўвання ініцыятыў” Вольга Хабібуліна. Пад яе кіраўніцтвам маладыя людзі распрацавалі шэраг карысных для Браслаўшчыны праектаў, аформілі сваё бачанне ўдасканальвання спартыўна-музычнага фестывалю. Што тычыцца канкрэтных спраў, то валанцёрская група працавала на падрыхтоўцы гарадскога стадыёна да правядзення начной дыскатэкі, аказвала дапамогу яе арганізатарам падчас мерапрыемства і ўдзельнічала ў навядзенні парадку пасля. Таксама, як адзначыла кіраўнік праекта Юлія Герцава, у рамках ініцыятывы было закуплена турыстычнае і святло-музычнае абсталяванне, якое застанецца ў раёне.
Злёт паказаў, што такога кшталту мерапрыемствы запатрабаваны і карысны, асабліва, калі крэатыўна падыходзіць да іх арганізацыі. Таму ў будучым практыка іх правядзення ў нашым горадзе будзе працягнута. Сярод накірункаў развіцця ініцыятывы – падрыхтоўка валанцёраў для турыстычнай сферы раёна і арганізацыя міжнародных валанцёрскіх лагераў і злётаў.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.