Ёсць станоўчая дынаміка, будуць і станоўчыя вынікі

Главное

IMG_0319 (Small)На абароне жыцця, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, іх асабістай і маёмаснай бяспекі стаяць вартавыя правапарадку. Наколькі эфектыўна спрацаваў калектыў Браслаўскага РАУС і ці ўсё было зроблена, каб не дапусціць злачынстваў. Менавіта на такія пытанні сумесна шукалі адказ і ставілі задачы на бліжэйшы час удзельнікі нарады, дзе абмяркоўваліся вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за першае паўгоддзе бягучага года.
Акрамя асабовага саставу аддзела ўнутраных спраў, удзел у аператыўным пасяджэнні прынялі намеснік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Сяргей Пашко, намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, пракурор раёна Юрый Кезік, намеснік начальніка Браслаўскага РА СК Васіль Іваноў.
Падвёў вынікі работы часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Андрэй Бабуль. І ў першую чаргу ён зазначыў, што прымаемымі мерамі ўдалося захаваць тэндэнцыю да зніжэння злачыннасці, забяспечыць ахову грамадскага парадку. І ўсё гэта дзякуючы добра наладжанай прафілактыцы, як асноўнага рычага барацьбы са злачыннасцю.
Адсюль і добрыя вынікі. Усяго з пачатку года зарэгістравана 67 злачынстваў, што на 6 (ці 8,2%) менш, чым за той жа перыяд мінулага года. Такім чынам, тэндэнцыя зніжэння злачыннасці, якая намецілася з 2008 года, працягваецца. Агульная яе колькасць за гэты час паменшылася на 43%, а ўзровень яе ў раёне зараз адзін з самых нізкіх у вобласці.
З зарэгістраваных злачынстваў 37 па лініі крымінальнага вышуку, 1 — лініі нораваў, 3 — эканамічныя і 25 — па лініі іншых службаў.
Дзякуючы адладжанай працы супрацоўнікаў міліцыі, за першае паўгоддзе знізілася колькасць крадзяжоў, хуліганстваў, не дапушчана рабаванняў, забойстваў, разбояў. Аднак узрасла колькасць зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у адным з выпадкаў гэта выклікала смерць.
Больш за ўсё злачынстваў адбылося ў г. Браславе. Расце іх колькасць у Цяцеркаўскім сельсавеце, а вось значна знізілася злачыннасць у Друеўскім і Відзаўскім сельсаветах. Таму А. Бабуль нагадаў, што тым участковым, у каго неблагія вынікі, не трэба губляць пільнасць і далей, а тым, у каго не ўсё добра ў зоне адказнасці — узмацніць кантроль.
Кожны год аб’ектам павышанай увагі з’яўляецца стан дарожнай бяспекі. З пачатку года супрацоўнікамі ДАІ выяўлена 2656 парушэнняў ПДР, што на 71 менш, чым за той жа перыяд мінулага года. Менш затрымана нецвярозых вадзіцеляў (50), 960 пакараны за перавышэнне хуткасці. На жаль, узрасла колькасць ДТЗ з цяжкімі наступствамі, але не дапушчана гібелі людзей на дарогах.
Сваёй добрай работай могуць ганарыцца супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх. Аднак недапрацоўваюць службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, ёсць недахопы і ў рабоце ўчастковых.
Таксама падрабязна пра сваю дзейнасць расказалі кіраўнікі падраздзяленняў, меркаванні выказалі і запрошаныя асобы.
— Такім чынам, хоць вынікі работы за паўгода і радуюць, расслабляцца не варта, — рэзюмаваў намеснік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама Сяргей Пашко. — Не лішнім будзе яшчэ больш узмацніць прафілактыку. Вы ў адказе за той узровень, якога здолелі дасягнуць, і за зніжэнне злачыннасці ў далейшым. Гэтага можна дабіцца, калі працаваць на канчатковы вынік. У вас ёсць патэнцыял. Дапамогуць прафесіяналізм, строгая дысцыпліна і жорсткі кантроль.
Напрыканцы нарады настаў прыемны момант — узнагароджанне лепшых супрацоўнікаў райаддзела міліцыі. Нагрудным знакам “За самаадданую службу” 2 ступені быў адзначаны міліцыянер-вадзіцель Міхаіл Камінскі. Ганаровай граматай узнагароджаны ўчастковы Павел Лабуць, граматай старшы аператыўны дзяжурны АДС Леанід Юркевіч. Падзяка начальніка УУС выказана інспектару ДПС аддзялення ДАІ Анатолю Баравіку і міліцыянеру-дзяжурнаму ІЧУ Святаславу Папковічу.

Таццяна Пятушка.