У раёне здаровая сацыяльная сфера

Главное

IMG_2563 (Small)Такую адзнаку даў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, які на мінулым тыдні разам з прадстаўнікамі міністэрства, начальнікам камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Хрыстафоравым і старшынямі камітэтаў усіх абласцей рэспублікі наведаў наш раён. Гэта была рабочая паездка ў некалькі раёнаў Віцебскай вобласці з мэтай вывучэння новых метадаў і форм работы ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
На мяжы з Шаркаўшчынскім раёнам высокіх гасцей з хлебам-соллю шчыра віталі старшыні райвыканкама і райсавета Сяргей Шматаў і Ніна Пучынская, намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Пасля афіцыйных слоў прывітання ўдзельнікі ансамбля “Сябрына” Ахрэмаўскага ЦНК беларускімі спевамі сардэчна запрасілі на браслаўскую зямлю.
Рабочая група наведала дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе яго дырэктар Сяргей Аліхвер азнаёміў прысутных з пераменамі ўмоў пражывання састарэлых ва ўстанове пасля капітальнага рамонту.
Што і казаць, сучаснае абсталяванне, новая мэбля, утульныя і светлыя пакоі пакідаюць вельмі прыемнае ўражанне, што і адзначалі ўсе госці. Да таго ж для пражываючых створаны належныя ўмовы для заняткаў пасільнай працай. Яны па магчымасці дапамагаюць супрацоўнікам даглядаць агарод, вяжуць, вышываюць, малююць, нарыхтоўваюць венікі для лазні. І такі занятак, акрамя прыемных эмоцый, дае магчымасць адчуваць сябе патрэбным у калектыве.
Удзельнікі рабочай групы цікавіліся ў пражываючых пра здароўе, патрэбы, з задавальненнем разглядалі выставы мастацкіх вырабаў, карціны, выкананыя іх рукамі. Адзначылі яны чысціню, парадак, якія пануюць і на тэрыторыі, і ў памяшканнях. А. Румак падкрэсліў, што калектывам на чале з энергічным дырэктарам зроблена нямала, каб нямоглыя людзі мелі годныя ўмовы быту, знаходзілі сабе занятак і адчувалі раўнапраўнымі членамі адной вялікай сям’і, а таксама адзначыў рацыянальнае выкарыстанне дзяржаўных грошай.
Цёплым і душэўным было знаёмства паважаных гасцей з супрацоўнікамі і наведвальнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна.
Дырэктар гэтага ўтульнага астраўка дабрыні і міласэрнасці Вольга Вялічка зрабіла аглядную экскурсію памяшканняў, азнаёміла з асноўнымі накірункамі, новымі формамі і метадамі работы, прадставіла цікавыя праекты ўстановы.
У сваю чаргу наведвальнікі аддзялення з задавальненнем дэманстравалі свае здольнасці і таленты, паказалі майстр-клас па вырабе дробных гліняных рэчаў і паясоў.
— Адно тое, — звярнуў увагу А. Румак, — што такі прыгожы будынак, які знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы, аддадзены для патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гаворыць пра высокі ўзровень сацыяльнай работы ў раёне.
Паколькі час прыбыцця рабочай групы быў абмежаваны і ў гасцей не было магчымасці палюбавацца цудоўнымі краявідамі на свае вочы, для іх быў паказаны невялікі фільм пра Браслаўшчыну.
Падводзячы вынікі, Аляксандр Румак падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання сацыяльных устаноў у Віцебскай вобласці:
— У паўночным рэгіёне краіны ўдала развіваюцца новыя формы сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей і інвалідаў, што дазваляе састарэлым грамадзянам заставацца ў хаце, у звыклых для іх умовах. А дзякуючы значнай колькасці сацыяльных работнікаў, якія даходзяць да кожнага нямоглага чалавека, няма неабходнасці змяшчаць іх у дамы-інтэрнаты і аддзяленні штодзённага знаходжання. Вельмі важна не адрываць чалавека ад родных месц — гэта падаўжае яму жыццё.
Намеснік міністра таксама адзначыў, што Браслаўскі раён — адзін з перадавікоў ужывання такіх форм і жывая работа з пажылымі людзьмі наладжана на належным узроўні, што магчыма дасягнуць толькі тады, калі існуе цеснае міжведамаснае ўзаемадзеянне і зацікаўленасць кіраўніцтва раёна.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
IMG_2577 (Small)