Як гэта было

Главное

IMG_2159 (Small)Усё далей у глыбіню гісторыі адыходзяць падзеі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. А перадаць эстафету памяці сённяшнім і будучым пакаленням, паказаць веліч самаахвярнага подзвігу людзей, якія неймавернымі намаганнямі заваявалі Вялікую Перамогу, нам дапамагаюць успаміны ўдзельнікаў і сведкаў, хроніка, дзённікі і, несумненна, кнігі і фільмы пра вайну.
Кінакарцін, прысвечаных цяжкім ваенным гадам, нямала. Толькі на кінастудыі “Беларусфільм” іх створана каля ста. Адна з іх — “Вайна пад стрэхамі” — здымалася ў Браславе і яго наваколлі. Старэйшае пакаленне браслаўчан добра памятае, як людзі ў нямецкай форме шпацыравалі па вуліцах мястэчка, як адзін з дамоў каля касцёла быў ператвораны ў нямецкую камендатуру, а на воз. Дрывяты ўзнік новы пасёлак, які па сцэнарыі спалілі “фашысты”. Многім і мясцовым жыхарам пашчасціла зняцца ў масоўках.
Жадаючыя даведацца пра гісторыю стварэння фільма, паслухаць успаміны былой супрацоўніцы кінастудыі Таццяны Клімовіч, якая займалася мантажом кінастужкі, і сведкаў гэтай цікавай падзеі сабраліся ў мінулы чацвер у актавай зале РДК.
Адпаведны настрой стваралі жывыя скульптуры на ваенную тэматыку, прадстаўленыя членамі БРСМ перад уваходам у будынак, і фотавыстава кадраў з фільма, размешчаная ў файе. Паклапаціліся арганізатары і пра афармленне сцэны.
Найперш вядучая мерапрыемства Надзея Дударонак прыгадала сюжэт кінакарціны і зачытала ўрывак з інтэрв’ю, дадзенага рэжысёрам Віктарам Туравым раённай газеце ў 1967г:
— Па ідэі нам патрэбны невялікі беларускі гарадок, які ляжыць на шляху ваеннай хвалі, над якім не раз праносіліся віхуры бітваў, і які ўсё ж захаваў свой своеасаблівы каларыт, непаўторнае аблічча, малазмененае сучаснасцю.
Да таго ж Браслаў размешчаны ў вельмі маляўнічым месцы. А
гэта вельмі важна для кантрасту, для супрацьпастаўлення гэтай
прыгажосці таму злу.
Пра цудоўную прыроду, якая ўразіла ўсю здымачную групу, гаварыла на сустрэчы і Таццяна Емяльянаўна.
Жылі артысты ў гасцініцы, а сілкавацца хадзілі ў рэстаран “Азёрны”, дзе з задавальненнем елі смачна прыгатаванага вугра. Вечарамі па нядзелях члены здымачнай групы бавілі час на танцах, якія праходзілі ў клубе, сустракаліся на працягу здымкаў фільма з мясцовымі дзяўчатамі. Але асноўнае, што адзначала Т. Клімовіч у рамках сустрэчы, — спрыяльная атмасфера падчас здымак і добразычлівасць браслаўчан.
Далей Н. Дударонак зачытала ўспаміны і сведчанні людзей, якія маюць дачыненне да стварэння кінастужкі.
Так, Алена Набеева, унучка жыхара агр. Друя Васіля Сямёнычава, расказала, што яе дзед, дзякуючы свайму трафейнаму нямецкаму матацыклу, атрымаў эпізадычную ролю немца.
Памятаюць браслаўчане і тады яшчэ мала вядомага барда Уладзіміра Высоцкага. Яго настолькі ўразіла дабрадушнасць нашых землякоў, што па іх просьбе даваў ім невялікія канцэрты. А яшчэ У. Высоцкага вельмі захапіла акустыка ў разбураным касцёле ў Друі, таму ён там часта рэпеціраваў.
А падчас вечара ўспамінаў песні У. Высоцкага з фільма “Вайна пад стрэхамі” вельмі ўдала і душэўна выканаў Валянцін Сауль.
Сваімі ўспамінамі пра здымкі фільма падзялілася Святлана Цыўнель, якая на той час вучылася ў школе і добра захавала ў памяці некаторыя найбольш яскравыя моманты. Гэта здымкі сцэны абвяшчэння вайны на вул. Горнай (стары базар), пакарання смерцю. Па яе словах, многія жыхары не ведалі пра здымкі фільма, таму былі вельмі напалоханы партрэтам Гітлера і выявамі нямецкай свастыкі, вывешанай на сцэнічнай камендатуры.
Пра свой здымачны дзень, за які плацілі тры рублі, расказаў і жыхар агр. Друя Міхаіл Чапінскі. Большая частка фільма здымалася менавіта ў гэтай мясцовасці.
А вось настаўніцы гісторыі з Друйскай сярэдняй школы Таццяне Лінькевіч, якой на той час было 9 гадоў, пашчасціла ўзяць аўтограф у Ніны Ургант і Аляксандры Заў’ялавай. Да сённяшняга часу жанчына беражліва захоўвае паштоўкі з іх подпісамі.
Шмат цікавых і жартоўных эпізодаў паведаміў слухачам былы таксіст Эдуард Угарэнка, які на сваёй новай “Волзе” вазіў артыстаў і членаў здымачнай групы.
Усе, хто ў той вечар прыйшоў на сустрэчу з мінулым, ніколькі не пашкадавалі, бо мерапрыемства прайшло нават у крыху хатняй атмасферы. За што гледачы выказалі вялікі дзякуй супрацоўнікам краязнаўчага музеі і РДК. Да таго ж сапраўды цікава і патрэбна ведаць гісторыю свайго краю, яго людзей.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_2165 (Small) IMG_2173 (Small)