Уладары металу

Люди

IMG_2094 (Small)Зусім нядаўна ў горадзе з’явіліся дзве вельмі прыгожыя і адметныя рэчы. Думаю, чытач адразу здагадаўся, што размова ідзе пра музычную лаўку каля школы мастацтваў і дрэва Дружбы, што “вырасла” каля цэнтральнай бібліятэкі. Але, напэўна, не ўсе ведаюць, што аўтары гэтых цудаў з металу — майстравітыя супрацоўнікі Відзаўскага каледжа.
Трэба сказаць, што ў навучальна-выхаваўчым працэсе гэтай установы надаецца вялікая ўвага развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў. Граматныя выкладчыкі, сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, разам з зацікаўленымі юнакамі і дзяўчатамі пры падтрымцы дзейснага і крэатыўнага дырэктара Міхаіла Смірнова рэалізуюць смелыя рацыяналізатарскія ідэі і ствараюць сапраўдныя тэхнічныя шэдэўры, якія ў 2009 і 2014 гадах былі адзначаны грандамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.
Большасць незвычайных эксклюзіўных мадэлей створана ў гуртку тэхнічнай творчасці пад кіраўніцтвам таленавітага майстра вытворчага навучання Эдварда Стацэвіча, у тым ліку музычная лаўка і дрэва Дружбы.
З дзяцінства хлопчык марыў займацца дызайнам аўтамабіляў і сваю буйную фантазію пераносіў на лісты паперы.
Безумоўна, каб стварыць незвычайныя мадэлі транспартнага сродку, у першую чаргу трэба дасканала ведаць іх будову. Разбіраць і збіраць машыны па вінціках Эдвард навучыўся ў Вілейскім ПТВ, дзе атрымаў спецыяльнасці аўтаслесара і аўтазборшчыка.
Які юнак не марыць мець сваю ўласную машыну? Было такое жаданне і ў Эдварда. Акрамя гэтага, у хлопца былі веды па будове аўтамабіля і вера ў свае сілы. Так чаму ж не сабраць машыну самому? Распрацаваў свой непаўторны дызайн будучай мадэлі, сабраў па ваколіцах металалом, некаторыя запчасткі набыў за грошы і ў хуткім часе ездзіў па вуліцах Відзаў на ўласным аўтарскім цудамабілі.
Далей была служба ў арміі. Пасля дэмабілізацыі прага авалодаць сакрэтамі мастацкіх спецыяльнасцей падштурхнула юнака закончыць Смаленскае мастацкае вучылішча. А ў 1983 годзе Эдвард Уладзіміравіч уладкаваўся мастаком-афарміцелем у Відзаўскае ПТВ.
— У рабочы час маляваў плакаты і стэнды, — успамінае Э. Стацэвіч, — а вечарамі і ў выхадныя дні ва ўласным гаражы ўвасабляў у жыццё свае дзіцячыя мары.
Якія толькі машыны не выязджалі з панадворка таленавітага майстра! Ды і назвы для іх выбіраліся адпаведныя — жук, божая кароўка, мурашка. З кожным разам цудамабілі ўдасканальваліся, і Э. Стацэвіч перайшоў на больш глабальную пераробку серыйных мадэлей.
Калі яму прапанавалі весці гурток тэхнічнай творчасці, ён з задавальненнем і энтузіязмам пачаў дзяліцца сваім вопытам з навучэнцамі. Трывалая тэхнічная база і падтрымка адміністрацыі навучальнай установы дазвалялі ўвасобіць у рэальнасць самыя смелыя тэхнічныя задумы.
Сучасны прагрэс не стаіць на месцы, і сёння распаўсюджаны такі спосаб апрацоўкі металу, як мастацкая зварка. Яго дасканала асвоілі і майстры тэхнічнага навучання Відзаўскага каледжа Эдвард Стацэвіч і Антон Жалубоўскі (на здымку).
Гэта тэхніка адкрывае для дызайнера і майстра зусім новыя магчымасці, бо з дапамогай мастацкай зваркі можна стварыць ні на што не падобныя сапраўдныя скульптуры з металу. Вось на камяні прымасцілася вёрткая яшчарка, непадалёку яшчэ адзін камень упрыгожвае ажурны ўзор, прыцягвае ўвагу і скульптура веласіпедыста.
— Над кожным вырабам працуе згуртаваная каманда аднадумцаў, — расказвае Эдвард Уладзіміравіч, — спачатку задума пераносіцца на паперу, праходзіць стадыю карэкціроўкі і зацвярджэння, потым знаходзім патрэбны метал, ачышчаем яго і прыступаем да работы.
Гэта на словах атрымоўваецца ўсё вельмі хутка і проста, а на справе іншы раз даводзіцца патраціць не адзін месяц, каб металічная скульптура стала сапраўдным шэдэўрам. Але гэта таго варта. Кожная рэч атрымліваецца арыгінальнай і непаўторнай, бо ствараецца ўручную, а яе якасць залежыць ад задумы дызайнера і безумоўна, ад умельства майстра.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_2095 (Small) IMG_2096 (Small)