У фокусе – барацьба з п’янствам

Главное

nedЗа 2013 год у Браслаўскім раёне рэалізавана алкагольнай і слабалкагольнай прадукцыі ў пераліку на чысты спірт 360 тысяч літраў. Гэта па 12,6 літра на душу насельніцтва, уключаючы старыкоў і дзяцей. Такая сітуацыя не можа не выклікаць занепакоенасць, таму над яе вырашэннем працуюць, без перабольшвання ўсе. Справаздачу наконт работы Браслаўскага РАУС па пераадоленні п’янства і алкагалізму слухалі на апошнім сумесным пасяджэнні савета грамадскага пункта і назіральнай камісіі.
Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксандр Смірноў адзначыў, што міліцыя заўсёды ўдзяляла папярэджванню шкодных наступстваў п’янства вялікую ўвагу. Статыстыка сведчыць пра зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў перыяд з 2011 па 2013 год на 34,3%. У тым ліку з 36,7% да 31% знізілася і ўдзельная вага “п’янай” злачыннасці. Прыкладна палова асоб, прыцягнутых да адказнасці за п’янства, нідзе не працуе, большасць – жыхары сельскай мясцовасці.
За знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення летась пакараны 91 грамадзянін. Стабільнай у гэтай лічбе застаецца доля работнікаў сельскай гаспадаркі – каля 85%.
За мінулы год выяўлены і пакараны 156 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. Сёлета гэта лічба за 4 месяцы склала 24 выяўленыя выпадкі. За паўторнае кіраванне летась пакараны 9 вадзіцеляў, у бягучым годзе – 2.
Па ініцыятыве РАУС Браслаўскім судом за бягучы год абмежаваны ў дзеяздольнасці 5 асоб, якія злоўжываюць спіртным і тым самым ставяць сваіх блізкіх у складанае матэрыяльнае становішча. У ЛПП за 5 месяцаў накіраваны 7 злосных п’яніц.
З мэтай выяўлення фактаў незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі супрацоўнікі міліцыі рэгулярна праводзяць рэйды. Падчас такіх мерапрыемстваў летась было выяўлена і знішчана 4203 літры фальсіфікаваных алкагольных напіткаў і брагі. Сёлета – пакуль 1324 літры. За парушэнне заканадаўства ў гэтай сферы да адказнасці ў бягучым годзе прыцягнуты 12 асоб, 4 самагонныя апараты канфіскаваны.
Каб папярэдзіць распіцце алкаголю ў грамадскіх месцах, супрацоўнікі міліцыі разам з членамі добраахвотных дружын патрулююць месцы масавага адпачынку насельніцтва. Работа ўчастковых міліцыянераў спланавана так, каб яны працавалі па суботах у другую змену.
На тэрыторыі раёна адсутнічаюць гандлёвыя аб’екты, якія б прадавалі алкаголь кругласутачна. У асноўным рэалізацыя алкагольнай прадукцыі ажыццяўляецца да 22 гадзін. Некаторыя магазіны прадаюць яго да 23.00, кафэ – да 24.00. З нядаўняга часу продаж спіртнога абмяжоўваецца ў дні выдачы ў сельгаспрадпрыемствах зарплаты. Летась аналагічныя абмежаванні ўводзіліся на перыяд уборачнай кампаніі. У бягучым годзе таксама ўжо некалькі разоў у рамках прафілактычных мерапрыемстваў уводзіліся падобныя абмежаванні. Дарэчы, такі падыход зарэкамендаваў сябе як вельмі эфектыўны.
Такім чынам, намаганні міліцыі як аднаго з найважнейшых суб’ектаў прафілактыкі п’янства прыносяць пэўныя вынікі. Тут жа можна доўга казаць пра неабходнасць эфектыўнай узаемнай работы з іншымі структурамі, аднак сам той факт, што праблему прызнаюць і сапраўды спрабуюць вырашаць, падштурхоўвае да лепшых думак.

Вячаслаў Каладынскі.