Каханне, непадуладнае часу

Главное

IMG_1281 (Small)Яны разам ужо больш за паўвека, аднак самыя сапраўдныя пачуцці, на якіх трымаецца сямейны падмурак, з гадамі толькі ўзмацнелі. Лідзія Ягораўна і Антон Аляксандравіч Ліннікі з Друі перажылі вайну, цяжкае пасляваеннае станаўленне і праз увесь час пранеслі каханне і ўзаемапавагу. А 9 чэрвеня яны адзначылі жалезнае вяселле — 65-годдзе сумеснага жыцця.
— З таго часу, як мы стварылі сям’ю, прайшло шмат часу, уцякло столькі вады, — успамінае Лідзія Ягораўна. — Можа, хто і не паверыць, але пражылі мы 65 гадоў душа ў душу, нават ні разу не пасварыліся.
Жыцце мужа і жонкі Ліннікаў прайшло ў працы. Ім дасталася нялегкая доля. Галава сямейства Антон Аляксандравіч родам з Друі, а Лідзія Ягораўна нарадзілася і вырасла ў невялічкай вёсцы Верхнядзвінскага раёна. З малых гадоў абодва былі прывучаны да працы, верылі ў добрую будучыню. Аднак усе мары і планы гэтых людзей разбурыла Вялікая Айчынная вайна.
Антону Аляксандравічу не было яшчэ і 15, калі ў Друю прыйшлі немцы. Яны ледзь не вывезлі Антона разам з сястрой у Германію, але выратаваў выпадак. Ён добра запомніў, як немцы прымушалі працаваць, здзекваліся над яўрэямі, якіх у той час у Друі было шмат, і як потым расстралялі ўсіх да аднаго, а рэчка напоўнілася крывёй забітых.
А вось Лідзіі Ягораўне на пачатку вайны споўнілася 17. Скончыўшы 10 класаў, яна накіравалася ў Мінск паступаць на педагагічныя курсы. Праз год, у дзень, калі трэба было здаваць экзамены, пачалася вайна…
— Мінск пачалі бамбіць з першых дзён, — успамінае ветэран. — Было вельмі страшна, асабліва ноччу. І мы разам з сяброўкамі, прыхапіўшы толькі дакументы, уцяклі з горада ў лес. Знаёмыя сказалі, што недалёка ёсць састаў, які эвакуіруе. Так я трапіла ў г. Хвалынск Саратаўскай вобласці.
Пужала дзяўчыну тое, што родныя нічога не ведаюць пра яе лёс. Толькі праз год удалося звязацца з роднымі з Ленінграда. Дзядзька Лідзіі Ягораўны, які быў ваенным, вывез сваю сям’ю і дзяўчыну ў ваенную часць, дзе можна было працаваць вольнанаёмнымі. Так Лідзія з 1942 па 1945 адпрацавала ў Карэліі ў 25-ым батальёне аэрадромнага абслугоўвання. І хоць непасрэдна ў ваенных дзеяннях не ўдзельнічала, але ўсю вайну прайшла разам з тымі, хто вызваляў краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, заслужыла “Ордэн Айчыннай вайны” 2 ступені.
Памятае ветэран, як было халодна, а начаваць даводзілася на зямлі, не хапала і прадуктаў, навокал панаваў голад. Толькі ўспамінаць усё гэта ветэрану не проста, кожны момант адгукаецца балючым рэхам у сэрцы.
Вярнуўшыся на радзіму, не знайшла дома, яго спалілі немцы. Радасна было ўжо ад таго, што ўдалося выжыць родным. Першы час жылі ў лазні, але і гэта было добра, бо над галавой — мірнае неба.
Трэба было будаваць мірнае жыццё, і дзяўчына, скончыла курсы бухгалтараў, працаваць прыехала ў Друйскае сельпо. Сюды, каб здаць лішкі сельгаспрадукцыі, у адзін з дзён завітаў малады хлопец Антон. Так і звёў іх лёс.
Усё жыццё да выхаду на заслужаны адпачынак Лідзія Ягораўна адпрацавала бухгалтарам у Друйскім вучылішчы, а Антон Аляксандравіч спачатку ў вагонным дэпо, а потым майстрам па будаўніцтве і рамонце ў вучылішчы.
Разам прайшлі праз усе складанасці, пабудавалі дом, выгадавалі 4 дзяцей, а зараз радуюцца ўнукам і праўнукам. Раней і гаспадарку вялікую трымалі, але хоць і здароўе ўжо не тое, зусім адмовіцца ад работы не могуць і зараз даглядаюць невялічкі агарод.
Сёлетні год для сям’і Ліннікаў багаты на юбілейныя даты. Толькі адсвяткавалі жалезнае вяселле, а напрыканцы чэрвеня Лідзіі Ягораўне спаўняецца 90 гадоў. За адным сталом збяруцца ўсе родныя і блізкія.
Час здольны разбурыць і камень, але каханне, праверанае такім тэрмінам, нішто і ніхто не зможа зламаць. Як усё жыццё былі апорай адзін аднаму, так і жывуць сёння. Хвалююцца адзін за аднаго, клапоцяцца, гэта бачна няўзброеным вокам, гэтак жа шчыра кахаюць.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.