Фантазія. Творчасць. Натхненне.

Люди

Изображение 064 (Small)Несумненна, ў бібліятэках раёна працуюць сапраўдныя прафесіяналы, людзі апантаныя і творчыя, кола інтарэсаў якіх вельмі разнастайне. Менавіта таму ў цэнтральнай бібліятэцы стартаваў чарговы інавацыйны праект “Фантазія. Творчасць. Натхненне.”, які ўключае ў сябе цыкл выстаў, дзе будуць прадстаўлены мастацкія захапленні супрацоўнікаў.
І першая выстава прысвечана работам з бісеру Вівеі Максімовіч з Іказні. На сённяшні дзень жанчына працуе тэхнічным работнікам у мясцовай бібліятэцы.
Па словах рукадзельніцы, імкненне да творчасці ў яе з’явілася даўно, але толькі пасля выхаду на пенсію жанчына змагла ў поўнай меры прысвяціць сябе любімай справе.
— Калі ўладкавалася на працу, — прыгадвае свае памкненні да мастацтва Вівея Кузмінічна, — зразумела, што пакоі бібліятэкі нейкія смутныя, і іх трэба ўпрыгожыць цікавымі яскравымі рэчамі. Так і ўзялася за справу.
Дачка Ірына Лясюк, якая працуе бібліятэкарам у гэтай жа ўстанове, з задавальненнем падтрымала сваю маці і падабрала ёй розныя дапаможнікі па вязанні, вышыўцы, дапамагала разабраць узоры, асвоіць тэхналогіі.
Безумоўна, жаданне, уседлівасць і памкненне навучыцца ствараць прыгожыя рэчы хутка далі свой плён. З-пад рук Вівеі Максімовіч пачалі выходзіць мудрагелістыя сурвэткі, незвычайныя кветкі і дыванкі, цудоўныя бісерныя дрэўцы. Практычна кожнаму вырабу знаходзіцца месца ў бібліятэцы, дзе Ірына Аляксандраўна арганізуе сустрэчы і выставы работ мясцовых майстрых. Так традыцыйныя і сучасныя рамёствы сталі набыткам многіх маладых вяскоўцаў.
Вырабы Вівеі Кузмінічны ўпрыгожваюць інтэр’ер царквы, дзіцячага сада, шмат іх з задавальненнем яна дорыць родным і знаёмым.
Работы гэтай жанчыны, якія прадстаўлены на выставе ў цэнтральнай бібліятэцы, здзіўляюць акуратнасцю і разнастайнасцю па тэматыцы, усе яны з густам аформлены, улічана кожная дробязь. Безумоўна, можна многа пра іх гаварыць, знаходзіць розныя эпітэты, але лепш самому зазірнуць у бібліятэку і акунуцца ў цудоўны бісерны свет.
Трэба дадаць, што Вівея Максімовіч — чалавек энергічны, поўны энтузіязму і новых ідэй. Апрача бісерапляцення, яна займаецца вязаннем, садова-паркавым дызайнам, вывучае новыя віды рукадзелля. Кожны выраб майстрыхі — доказ таго, што памкненне да прыгожага ўласціва чалавеку рознага ўзросту і прафесіі. А душа творчага чалавека заўсёды маладая і жыццярадасная.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_1770 (Small)