Барысавічы ўсіх краін, яднайцеся!

Главное

IMG_2598 (Small)У гаспадароў аграэкасядзібы “У Барысавіча” Юрыя і Уладзіміра Жэрко ідэя правесці спаборніцтвы па рыбнай лоўлі пад такой назвай узнікла спантанна. А ўся справа ў тым, што сам Уладзімір Барысавіч — заўзяты рыбак. А тут яшчэ госці з Рыгі і Масквы завіталі — як ні дзіўна, таксама абодва Уладзіміры Барысавічы і заўзятыя рыбаловы.
Уладзімір і Алена з Рыгі спрабавалі два гады запар трапіць адпачыць менавіта на гэту сядзібу. Аднак месцы там пасля новага года звычайна ўсе былі зарэзерваваны. І вось летась проста выпадкова сям’я вырашыла прыехаць у Вусце і паглядзець, чым жа так знакамітая гэта сядзіба, што трапіць туды практычна немагчыма.
Іх сустрэў Юра. Па прызнанні Алены, адразу запрасіў за стол і накарміў гарохавым супам уласнага прыгатавання. Алена не любіла і не ела такой стравы з дзяцінства, але тут суп ёй паказаўся настолькі смачным, што яна не ўтрымалася і з’ела ўвесь. А назаўтра Юра арганізаваў для рыжан рыбалку. Сёлета яны нарэшце прыехалі на аграсядзібу адпачыць і засталіся проста ў захапленні ад арганізацыі адпачынку, рыбалкі, гасціннасці гаспадароў. Да таго ж у дзень рыбалоўнага спаборніцтва Уладзіміру спадарожнічала ўдача – ён злавіў шчупака вагой 1 кг 600 г і ліня – 900 г.
Не абышла бокам рыбацкая ўдача і масквіча.
Гаспадары аграэкасядзібы “У Барысавіча” ўручылі пераможцам спаборніцтваў кашулі са сваім лагатыпам, дыпломы, спецыяльныя сувеніры, а вечарам арганізавалі для іх свята – з юшкай са злоўленай рыбы, шашлыкамі і , што вельмі адметна, з беларускімі песнямі. А радавала імі гасцей кіраўнік хору ветэранаў з РДК “Браслаўскія весялухі” Наталля Няміра.
Хочацца зазначыць, што ў нас на Браслаўшчыне цяпер зарэгістраваны 186 аграэкасядзіб, аднак далёка не на кожнай імкнуцца прывабіць турыстаў, арганізаваць для іх экскурсіі па нашым азёрным краі, суседніх гарадах, пазнаёміць з блізкімі да Браслаўскага раёнамі.
Часцей за ўсё турыстам проста здаюць ложка-месцы і бяруць за гэта грошы. А вось на сядзібе “У Барысавіча” амаль заўсёды прапануюць і культурную праграму. Людзям гэта, па ўсім бачна, падабаецца. Леташнія “Вусцянскія вечары” прайшлі на ўра. Сёлета Жэрко таксама збіраюцца арганізаваць іх у ліпені, але ўжо ў больш пашыраным.
Хацелася б яшчэ сказаць, што на сядзібе “У Барысавіча” адпачывае шмат вельмі цікавых людзей. Мне пашчасціла пазнаёміцца нядаўна з кандыдатам біялагічных навук Уладзімірам Курчанкам. Са сваімі студэнтамі з біялагічнага факультэта БДУ ён займаўся не адзін год распрацоўкай сродкаў ад шэстасомнага дэрматыту — хваробы купальшчыкаў, якая існуе на нарачанскіх азёрах. У выніку з’явіліся спецыяльныя сродкі абароны – крэм і вадкае мыла. Іх сёння выпускаюць беларускія вытворцы і атрымліваюць станоўчыя водгукі. Калі я пацікавілася, ці пагражае такая небяспека браслаўскім азёрам, вучоны адназначна адказаў, што не.
Сёлета ў аграэкасядзібы “ У Барысавіча”, як кажуць, невялічкі, але ж юбілей — тры гады з дня заснавання. І хочацца верыць, што людзі, якія прыязджаюць сюды і прыедуць, будуць заўсёды ўспамінаць яе з вялікай удзячнасцю.

Зінаіда Палулех.