Жадаюць быць лідарамі

Главное Деньги

IMG_1427 (Small)Сёлетнюю пасяўную хлебаробы КУСП «Відзаўскі» пачалі 3 красавіка. Праўда, гэта былі спробныя выезды на палеткі, дзе правяралася надзейнасць адрамантаваных зімой прычапных агрэгатаў, ды і разгон нельга было набраць, бо глеба да сяўбы паспела толькі на ўзгорыстых участках. Гэты этап пройдзены, і ў работу задзейнічалі комплексны механізаваны атрад.
У раённай зводцы пра ход веснавых палявых работ гаспадарка займае цяпер залатую сярэдзіну. І, па словах галоўнага агранома таварыства Аліны Зайкоўскай, механізатары настроены правесці сяўбу значна хутчэй, чым у папярэднія гады. Таму ёсць важкая прычына. Мінула 3 гады, як дырэктарам КУСП «Відзаўскі» быў прызначаны Канстанцін Гайлеўскі, які ў кароткі тэрмін змог вывесці гаспадарку па многіх паказчыках у лік лепшых у раёне. І вось раптоўна ён звольніўся, уладкаваўся на другую работу.
— Мы не асуджаем яго за гэта, — гаварыў мне вадзіцель МАЗа-загрузчыка зерня Іван Касач. — Жадаем яму толькі далейшага кар’ернага росту. І ў свой жа час узялі на сябе абавязацельствы, што ўсё тое, да чаго прывучаў нас Канстанцін Генрыхавіч, мы не згубім. Дасць Бог надвор’я — будзем у тройцы лідараў.
І сапраўды, рэзервы ў гаспадарцы ёсць. Пасля зацяжнога тэхабслугоўвання ў Верхнядзвінску вярнуўся трактар МТЗ-3022, трактарыст якога зачэпіць дыскатар, што дазволіць хутчэй рыхтаваць глебу.
Не адрываюць у «Відзаўскім» і трактары на веснавое ворыва, бо ўсё зябліва паспелі ўзняць восенню, калі думалі пра будучы ўраджай. Амаль да 90 % калію і фосфару ў глебу ўнеслі пры зяблівым ворыве. Цяпер жа імі запраўляюць толькі непадкормленыя гектары.
Што яшчэ ўзразіла, калі прыехаў на поле, дзе механізатары (на здымку злева направа: Анатоль Шапалоўскі, Міхаіл Чайкоўскі і Іван Касач) абедалі, у адзін голас заявілі, што ім вельмі падабаецца арганізацыя працы, дзе ў аб’яднаных гаспадарках няма раздзелу на першае, другое…чацвёртае адзяленні. Сёння два былыя саўгасы дзейнічаюць як адно цэлае, што дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку, манеўраваць ёй, пазбягаць лішніх перагонаў.
— У мінулым годзе за пасяўную я зарабіў больш за 11 мільёнаў рублёў, — расказваў мне знатны механізатар Пётр Чайкоўскі (на здымку), які працуе з АПП-6, — сёлета, думаю, зрабіць больш. Ды і як не старацца. Расцэнкі за выпрацоўку эталоннага гектара высокія, варта не «халтурыць», ды і не зробіш гэта, бо вока нашай Аліны спрактыкаванае, здалёк заўважыць прабел. А ў такіх выпадках пазбаўлюся дадатковых даплат. І ў той жа час скажу так: не вока агранома я баюся, а бацькі мяне прывучылі апрацоўваць зямлю так, каб яна дзякавала за ўклад ў яе.
На дзень майго наведвання хлебаробы КУСП «Відзаўскі» паспелі пасеяць 76 га аўса, 173 — пшаніцы і першымі ў раёне паклалі ў глебу насенне яравога рапсу на плошчы 12 гектараў. Варта адзначыць, што летась у гаспадарцы азімы рапс даў па 16 цэнтнераў насення з гектара, а яравы, якога раней ніколі не сеялі, недзе каля 9-ці цэнтнераў. Таму галоўны аграном Аліна Зайкоўская і рашыла сеяць гэтую алейную культуру паэтапна: рана, сярэдне, позна. З запланаваных 115-ці гектараў у асноўным кліне займе сяўба ў сярэднетэхналагічныя тэрміны. Раннія пасеялі. Ураджай пакажа калі на землях » Відзаўскага» даб’юцца лепшых намалотаў лепей сеяць гэтую культуру.
Дарэчы, пакуль механізатары абедалі, Анатоль Шапалоўскі, які ўносіць мінеральныя тукі, трапна сказаў: «Пачакай, карэспандэнт, жніўня, тады і ўбачыш, чаго мы сёння вартыя».

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.