Тэатральныя перамогі браслаўчан

Главное

IMG_8223 (Small)З добрым настроем вярнуліся артысты народнага тэатра раённага Дома культуры з абласнога свята “Тэатральная вясна”, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета яно праходзіла ў Глыбокім. На сцэне мясцовага РДК дэманстравалі сваё акцёрскае майстэрства каля 20 творчых калектываў.
Нашы артысты паказвалі п’есу “Не пакідай мяне”. Браслаўчане неаднойчы бачылі гэты спектакль. Спадабаўся ён журы і гледачам і на “Тэатральнай вясне”. На гэты раз галоўныя ролі ў ім выконвалі: Міхасёва – Яўген Набееў, палкоўніка – Уладзімір Бязручанка, лейтэнанта Крэміс – Наталля Талмачова. У спектаклі былі задзейнічаны таксама Таццяна Кука і Святлана Кажапенька. Па задуме рэжысёра Яўгена Набеева, у пастаноўку на гэты раз унеслі разынку. Паміж сцэнамі пад гармонік, а іграў на ім Канстанцін Каралевіч, салдаты (Улад Мацеша і Мікалай Красоўскі) спявалі ваенныя песні. Журы высока ацанілі такі рэжысёрскі крок.
— Мы хацелі, каб журы і гледачы разам з намі перажылі той боль, цяжкасці, якія выпалі на долю нашых герояў і якія мы хацелі перадаць выразна і хвалююча, — гаварыў Яўген Набееў.
Нашы самадзейныя артысты вярнуліся з дыпломам ІІІ ступені і памятнымі прызамі. Згадзіцеся, з 20 творчых калектываў трэцяе месца — гэта высокая ацэнка выступлення браслаўчан.
І яшчэ адна ўзнагарода з’явілася асабіста ў скарбонцы Яўгена Набеева. Ён чытаў на конкурсе сярод кіраўнікоў тэатральных калектываў мона-спектакль “Пісьмо салдата” па творах К. Сіманава і П. Шубінава, заняў ІІ месца.
Цяпер артысты народнага тэатра рыхтуюць новую пастаноўку пад назвай “Дняпроўскі рубеж”. Яе прэм’ера адбудзецца 9 Мая.
Народнаму тэатру Браслаўскага РДК у кастрычніку спаўняецца 55 гадоў. Гэта самы старэйшы калектыў у вобласці. Па прызнанні Яўгена Набеева, у свой юбілей артысты тэатра парадуюць гледачоў яшчэ адной прэм’ерай — “Каханне і галубы” і многімі артыстычнымі сюрпрызамі.

Зінаіда Палулех.