Браслаўчане ўбаку не засталіся

Главное Новости

IMG_1367 (Small)Мінулую суботу без перабольшвання можна назваць рэспубліканскім днём генеральнай уборкі. У Беларусі 12 красавіка праводзіўся агульнанацыянальны суботнік. Сёлетняя асаблівасць яго заключаецца ў тым, што ўсе заробленыя грошы не будуць дзяліцца паміж рэспубліканскім і мясцовымі бюджэтамі, а ўсе накіруюцца на будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі на базе РНПЦ анкалогііі і радыялогіі. На яго ўзвядзенне ўжо накіравана 100 мільярдаў рублёў. Патрэбна яшчэ 460 мільярдаў. І заробленыя сродкі стануць добрай таму падтрымкай.
Як вырашылі ў цэнтральным рэспубліканскім штабе па правядзенні суботніка, працоўныя калектывы прамысловых прадпрыемстваў працавалі ў гэты дзень на рабочых месцах, вяскоўцы таксама займаліся сваімі паўсядзённымі справамі. За навядзенне ж парадку на зямлі ўзяліся прадстаўнікі бюджэтных сфер дзейнасці, вучнёўская і студэнцкая моладзь. А паколькі сёлета мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мясцовым выканаўчым органам было рэкамендавана прывесці ў належны стан і добраўпарадкаваць мемарыяльныя комплексы, помнікі, месцы баявой і воінскай славы, пахаванні воінаў не толькі Вялікай айчыннай вайны, а і першай сусветнай, стагоддзе якой таксама прыпадае на сёлетні год.
Зразумела, што не засталіся ў баку ад усіх гэтых спраў і жыхары нашага раёна. Па папярэдніх падліках раённага штаба, у суботніку прынялі ўдзел 8985 чалавек. На будаўніцтва цэнтра будзе пералічана прыкладна 200 000 000 рублёў. Як і ва ўсёй рэспубліцы, па распарадку рабочага дня працавалі нашы прамыслоўцы, сяляне займаліся веснавой сяўбой, даглядалі жывёлу. Адміністрацыя і інжынерна-тэхнічны персанал нацпарка, напрыклад, саджалі лес на тэрыторыі Опсаўскага лясніцтва, а дапамагалі ім вучні і настаўнікі Кансталінскай школы. Дарэчы, трэба сказаць, што вучнёўскія і педагагічныя калектывы былі, бадай, ці не самымі шматлюднымі на суботніку. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, усяго на работу выйшлі 2 217 чалавек, з іх 1 265 — вучняў.
Школьнікі і педагогі другой гарадской школы наводзілі парадак на старых гарадскіх могілках, дзе пахаваны салдаты першай сусветнай вайны. Разам з імі ўдзел ва ўпарадкаванні захаванняў прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў (на здымку). Першая ж школа наводзіла парадак на яўрэйскіх могілках. Настаўнікі і тэхперсанал гімназіі аздаблялі насаджэннямі помнік на месцы пахавання пяці лётчыкаў, што ў в. Злота (на здымку).
Даволі вялікі аб’ём работ выкананы ў Ахрэмаўцах, дзе арганізацыяй работ кіравала нядаўна абраны старшыня савета Дзіяна Тарун. Пры размове яна прызналася, што чакала суботніка з вялікім хваляваннем, бо ён стаў для яе як бы своеасаблівай праверкай на арганізатарскія здольнасці. І трэба сказаць, што выпрабаванне яна вытрымала, за што ўдзячна перш за ўсё калектыву мясцовай школы.
Такім чынам, можна канстатаваць, што браслаўчане ў чарговы раз даказалі сваю адданасць агульнай справе, высокую арганізаванасць і свядомасць.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.