Свята навук

Новости

IMG_9601У мінулую суботу на базе СШ № 2 прайшла ХІІІ навукова-практычная канферэнцыя па грамадска-гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных дысцыплінах. У ёй прынялі ўдзел 44 педагогі і 89 навучэнцаў з 20 устаноў адукацыі раёна.
У прывітальным слове намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч адзначыла, што такія канферэнцыі вельмі цікавыя і карысныя для сучаснай моладзі, яны дапамагаюць развіваць веды і адкрываць новыя таленты. Яна таксама з задавальненнем падкрэсліла, што папулярнасць такіх мерапрыемстваў расце і колькасць яго ўдзельнікаў штогод павялічваецца, а ўзрост іх маладзее. А. Абалевіч выказала словы ўдзячнасці членам журы, асабліва тым, хто не працуе ў сферы адукацыі, але заўсёды знаходзіць час для ўдзелу ў канферэнцыях. Не першы год з задавальненнем ацэньваюць вучнёўскія доследы Уладзімір Палякоў, урач-валеолаг Генадзь Швец, інжынер па ахове працы раённай бальніцы Аляксандр Панцялейка, супрацоўнік музея Ганна Базарэвіч, навуковы супрацоўнік нацпарка Іван Цясюль.
Са словамі пажадання поспеху і ўдачы вучні адправіліся пакараць вяршыні навук. У васьмі секцыях на суд строгіх членаў камісій былі прадстаўлены 47 навукова-даследчых работ. Так ужо традыцыйна склалася, што найбольш прац было па гісторыі і краязнаўстве. Дзве гадзіны ў кабінетах школы кіпелі дыскусіі і «гучаў пытанняў дружны хор». Многія з ўдзельнікаў ужо маюць унушальны даследчы вопыт, былі і першапраходцы. Але, безумоўна, больш за ўсіх хваляваліся самыя юныя ўдзельнікі канферэнцыі, навучэнцы пачатковых класаў, бо яны прадстаўлялі свае работы нараўне са старшакласнікамі. Трэба адзначыць, што многія тэмы, абраныя школьнікамі і іх навуковымі кіраўнікамі, вельмі цікавыя і актуальныя. Таму вызначыць лепшыя было даволі складана. Тым не менш старшыні секцый назвалі пераможцаў навукова-даследчай і пошукавай дзейнасці.
Па выніках абароны работ вучні гімназіі ўзнагароджаны 12 дыпломамі, навучэнцы двух гарадскіх і Опсаўскай школ адзначаны тры дыпломамі кожная, у Ахрэмаўскай школе два пераможцы, хлопцы і дзяўчаты Відзаўскай, Дрысвяцкай, Казянскай, Мількаўскай, Урбанскай, Слабодкаўскай, Іказненскай, Богінскай, Быстрамаўскай, Відзы-Лаўчынскай школ і Браслаўскай ДСПШ атрымалі па адной узнагародзе.
Гаворачы пра дасягненні юных даследчыкаў, нельга не сказаць пра тых, хто дапамагаў ім у пошукавай дзейнасці. Неабыякавыя, творчыя педагогі натхняюць і дапамагаюць зрабіць першыя, самыя складаныя крокі ў цудоўны свет творчасці і пазнання. Несумненна, навукова-практычную канферэнцыю па праве можна назваць святам навукі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.