У бібліятэку — за лекамі для душы

Главное

IMG_9972 (Small)Кніга можа навучыць і падказаць, дапамагчы супакоіцца і надаць аптымізму. За такім надзейным сябрам чытачы спяшаюцца ў бібліятэкі. І што б ні казалі пра тое, што кнігі чытаюць усё менш, у Мяжанскай бібліятэцы яны не прывыклі пыліцца на паліцах.
Сакрэт таго, як зрабіць сваю ўстанову папулярнай і наведваемай, ведае бібліятэкар Людміла Бялюн. За 2013 год тут у два разы перавыкананы ўсе паказчыкі, па праве ўстанова лічыцца адной з лепшых у раёне, пра бібліятэкара добра адгукаецца кіраўніцтва. А нядаўна Мяжанская бібліятэка атрымала яшчэ адну заслужаную ўзнагароду і была прызнана лепшай бібліятэчнай установай Віцебскай вобласці.
У руплівай гаспадыні заўсёды парадак у хаце: і рэчы займаюць належныя месцы, і атмасфера цеплыні заўсёды пануе. Такое ж прыемнае ўражанне склалася ад наведвання Мяжанскай бібліятэкі і знаёмства з яе гаспадыняй.
Людміла Бялюн працуе тут з 1992 года, за гэты час дасканала вывучыла чытачоў, іх літаратурныя схільнасці. І зараз не ўяўляе сваё жыццё без кніг.
— Я гадавалася ў сям’і, дзе мама і тата былі настаўнікамі, яны ж мне з дзяцінства прывілі любоў да чытання, — дзеліцца ўспамінамі Л. Бялюн. — Кожны раз з хваляваннем бегла за чарговай кнігай у бібліятэку. Тады ж і пачала марыць пра такую прафесію. А ўпэўнілася ў сваім выбары, калі ў старэйшых класах нас прыехалі агітаваць да паступлення ў тэхнікум на спецыяльнасць бібліятэкар.
У першы год пасля школы дзяўчына не паступіла, а каб дарэмна не марнаваць час, уладкавалася на працу ў Мяжанскую бібліятэку. А ўжо праз год стала студэнткай ўніверсітэта культуры. Вучылася і працавала адначасова. Усё больш упэўнівалася ў тым, што зрабіла правільны выбар.
Чытачоў у Мяжанскай бібліятэцы нямала: 260 чытачоў з 15 населеных пунктаў. Большасць з іх гэта адзін-два дамы, але Людміла Пятроўна не лянуецца і нясе ім кнігі дадому. Нярэдка прыходзяць у кніжны храм нават тыя, хто летам прыязджае ў вёску на адпачынак. Але больш, вядома ж, даводзіцца працаваць з дзецьмі. Да таго ж у 2012 годзе Мяжанская бібліятэка другой у раёне ў якасці эксперыменту атрымала статус інтэгрыраванай. Гэта значыць, аб’ядналася разам са школьнай бібліятэкай.
Да кожнага свята Л. Бялюн ладзіць мерапрыемствы для дзяцей і дарослых: бібліяграфічныя ўрокі, сямейныя святы, сустрэчы з цікавымі асобамі і іншае. Асноўны накірунак у дзенасці ўстановы — этнаграфічны, таму тут дзейнічае і гісторыка-патрыятычны клуб для дзяцей “Вытокі”. Дзеці з задавальненнем вывучаюць гісторыю роднага краю, а дапамагае ім у гэтым летапіс вёскі, створаны рукамі Людмілы Пятроўны.
— Задача кожнага бібліятэкара — зацікавіць чытача, — разважае Л. Бялюн. — А для гэтага ў бібліятэцы заўжды павінна быць нешта новае і цікавае. Таму я прывожу з раённай бібліятэкі цікавыя кнігі. Але і фонд сельскай бібліятэкі немалы, каля 6 тысяч экзэмпляраў. Той, хто любіць чытаць, заўсёды знойдзе для сябе нешта цікавае, пазнавальнае. А іншы раз чытач прыходзіць проста пагутарыць ці абмеркаваць прачытанае. Таму ў планах стварэнне клуба для дарослых, дзе б састарэлыя людзі маглі сустракацца, дзяліцца сваімі думкамі.
Шмат дыпломаў і грамат рознага ўзроўню красуюцца ў бібліятэцы. Чарговая перамога стала нечаканай, але прыемнай навіной для Людмілы Пятроўны. У тым, што ў сельскую бібліятэку з задавальненнем ідуць і дарослыя, і дзеці, яе заслуга. Жанчына добра ведае людзей, умее прапанаваць менавіта тую кнігу, якая зацікавіць. Яна не пакідае без увагі просьбы чытачоў, заўжды ветлівая, добразычлівая, а таму сюды хочацца прыходзіць зноў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.