Бяспека на дарогах — у іх руках

Главное

IMG_8622 (Small)Для звычайных удзельнікаў дарожнага руху супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі – гэта чалавек у форме з жэзлам у руцэ, які кантралюе рух транспартных сродкаў. На самай жа справе пералік паўнамоцтваў службы ДАІ Браслаўскага РАУС вельмі вялікі. Гэта і кантроль за тэхнічным станам транспарту, за ўтрыманнем дарог, устаноўкай тэхнічных сродкаў рэгулявання дарожнага руху і многае іншае. Адным словам, супрацоўнік ДАІ — гэта чалавек, які заўсёды на перадавой па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху. Многія з іх і ў сваё прафесійнае свята будуць на службе.
Калектыў аддзялення дзяржаўтаінспекцыі, а гэта 12 чалавек, падабраўся выдатны. Тыя людзі, якія трапілі сюды выпадкова, доўга не затрымліваліся. Зараз у аддзяленні працуюць толькі добрасумленныя, граматныя і вопытныя спецыялісты. Стаж службы некаторых з іх менавіта ў ДАІ па 22-23 гады. А ўмела кіруе калектывам вось ужо больш за 15 гадоў Віктар Сухаверскі.
Віктар Данатавіч — выдатны спецыяліст у сваёй справе і ўмелы кіраўнік. Менавіта так пра яго адгукаюцца калегі і падначаленыя. Між тым ён ніколі не марыў пра работу ў міліцыі. Пасля заканчэння тэхнікума вярнуўся на родную Браслаўшчыну і ўладкаваўся на працу ў райсельгасхімію вадзіцелем. Аднак хутка паклікала армія. Лёс закінуў служыць у сярэднеазіяцкую акругу, якая знаходзілася на савецка-іранскай мяжы. Менавіта тады ў свядомасці хлопца замацавалася павага да людзей у форме. Вярнуўшыся на радзіму ў 1989 годзе, Віктар Данатавіч пайшоў па слядах старэйшага брата, які ў той час ужо працаваў у радах міліцыі. Увогуле ж брат і ў жыцці, і на службе заўсёды быў для яго прыкладам, даваў парады. Дарэчы, у міліцыі пэўны час працаваў і другі брат Віктара Данатавіча, а яго сястра і зараз служыць. Сапраўдная міліцэйская дынастыя.
Сам В. Сухаверскі прайшоў значны працоўны шлях — ад памочніка дзяжурнага РАУС, начальніка ізалятара часовага ўтрымання, старшага ДПС да начальніка аддзялення ДАІ, якое ўзначаліў у 1998 годзе. Трэба зазначыць, што яго працоўны стаж самы вялікі ў параўнанні са стажам работы начальнікаў аддзяленняў ДАІ вобласці. Па праве В. Сухаверскі лічыцца і адным з самых вопытных кіраўнікоў міліцыі. Прызнаецца, што знайшоў сваю прафесію, таму і рэалізаваўся ў ёй.
Пра выдатную работу аддзялення ДАІ сведчыць той факт, што апошнія 10 гадоў адзначаецца зніжэнне агульнай колькасці аварыйнасці, ліку загінуўшых і параненых пры ДТЗ. За 2013 год гэтыя паказчыкі сталі самымі мінімальнымі: 13 уліковых ДТЗ, 2 загінуўшыя і 12 параненых. Аднак гэта статыстыка не з’яўляецца падставай для таго, каб можна было задавальняцца. Бо, калі ёсць здарэнні, ёсць над чым і працаваць, так лічаць у ДАІ.
— Калектыў наш вопытны, згуртаваны, а такіх вынікаў мы дасягнулі карпатлівай працай, — зазначае В. Сухаверскі. — А ўсё таму, што ў першую чаргу наша работа накіравана на прафілактыку сярод усіх катэгорый яго ўдзельнікаў і спыненне грубых парушэнняў правілаў дарожнага руху. Шмат увагі ўдзяляем пешаходам і веласіпедыстам, праводзім тлумачальныя гутаркі з насельніцтвам у працоўных калектывах, у школьных і дашкольных установах раёна. Увогуле ж наша задача застаецца нязменнай – бяспека дарожнага руху і дысцыпліна на дарогах.
Пра поспехі аддзялення ДАІ сведчаць і шматлікія ўзнагароды. Віктар Данатавіч не раз атрымліваў ганаровыя граматы рознага ўзроўню, прызнаны “Выдатнікам ДАІ”. Не менш узнагарод і ў яго падначаленых. Таму можна быць упэўненым, што на дарогах Браслаўшчыны будзе парадак.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.