Віншавальны букет для мужчын

Главное

_MG_0358 (Small)Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі ўжо даўно надзейна і трывала ўпісаўся ў шэраг нашых нацыянальных свят. Вось і ў пятніцу, напярэдадні 23 лютага, самыя шчырыя словы і віншаванні гучалі са сцэны Браслаўскага РДК у адрас моцнай паловы.
Па добрай традыцыі канцэрт-віншаванне да святочнай даты падрыхтавалі таленавітыя педагогі і іх не менш адораныя вучні з Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Іх выступленні заўсёды прымаюцца на ўра, таму магчымасцю атрымаць асалоду ад святочнага канцэрта скарысталіся многія браслаўчане. У зале РДК сабраліся ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада, грамадскасці, маладое пакаленне, мясцовыя жыхары.
Першым права павіншаваць усіх мужчын, былых і будучых абаронцаў Айчыны, ветэранаў Узброеных Сіл было прадастаўлена ваеннаму камісару Браслаўскага раённага ваеннага камісарыята Віталю Грамніцкаму.
Са словамі віншавання перад прысутнымі выступіла і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Мацук. Яна нагадала пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, загінуўшых у Афганістане, пра мужнасць тых, хто сваім жыццём у розныя часы рызыкаваў дзеля нашага спакою, а таксама павіншавала ўсіх мужчын са святам.
Словы павагі і падзякі ўсім абаронцам краіны ад маладога пакалення агучыла вучаніца гмназіі, член БРСМ Паліна Шышко.
У гэты хоць і святочны дзень у памяці узнікаюць подзвігі тых, хто першым падымаўся ў атаку, хто стаяў насмерць на полі бою. Аддаючы даніну павагі, да помніка воінам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, быў ускладзены вянок.
Свае лепшыя канцэртныя нумары гледачам падарылі маленькія і дарослыя танцоры, аркестры, інструментальныя ансамблі, салісты, вакальныя групы педагогаў і вучняў школы мастацтваў. Кожны нумар гледачы віталі шчырымі апладысментамі. Стараннямі артыстаў канцэрт атрымаўся па-сапраўднаму святочным, запамінальным і падарыў добры настрой.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.