Сталічным журналістам прэзентавалі браслаўскія праекты

Главное

IMG_0312 (Medium)У Браслаў на мінулым тыдні завіталі журналісты розных сталічных выданняў і інтэрнэт-парталаў. Прэс-тур пад назвай “Энергаэфектыўныя мерапрыемствы на мясцовым узроўні” арганізаваў Цэнтр экалагічных рашэнняў пры фінансавай падтрымцы Нарвежскага таварыства аховы прыроды ў рамках праекта “Супрацоўніцтва некамерцыйных арганізацый у галіне прасоўвання энергаэфектыўнасці, змякчэння наступстваў змен клімату, а таксама экалагічнай адукацыі ў СНД”.
Як сказаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка, які прэзентаваў гасцям праекты, Браслаў сёння з’яўляецца прыкладам рэгіёну, які імкнецца да ўстойлівага энергетычнага развіцця. У супрацоўніцтве са спецыялістамі Цэнтра экалагічных рашэнняў распрацоўваецца энергетычная стратэгія, якая прадугледжвае рэалізацыю энергаэфектыўных мерапрыемстваў, накіраваных на зберажэнне энергарэсурсаў і максімальнае выкарыстанне ўзнаўляемых крыніц энергіі.
Андрэй Давыдзенка падкрэсліў таксама, што кіраўніцтва раёна стараецца прыцягнуць пабольш замежных інвестыцый для вырашэння праблем энергазберажэння і энергазабеспячэння.
Дарэчы, у студзені бягучага года пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў у гісторыка-краязнаўчым музеі рэалізаваны энергаэфектыўны праект: маральна і фізічна састарэлыя катлы заменены на энергазберагальны. Як зазначыў каардынатар праекта Дзмітрый Буронкін, музею на ацяпляльны сезон для абагрэву будынка патрэбна было 12 тон торфабрыкетаў, на што расходаваліся больш за 13 млн. бюджэтных сродкаў. І ўсё роўна ў памяшканнях было холадна, пры нізкай тэмпературы псаваліся многія каштоўныя музейныя экспанаты. Калі ж устанавілі новы кацёл літоўскай вытворчасці з каэфіцыентам карыснага дзеяння 86,5%, сітуацыя кардынальна змянілася.
Дырэктар музейнага аб’яднання Надзея Дударонак дадала, што гэта не першая ластаўка ўстановы па ўдзеле ў рэалізацыі праектаў па энергазберажэнні. У 2013 годзе тут былі ўстаноўлены ліхтары, якія працуюць на сонечнай энергіі.
Андрэй Давыдзенка расказаў таксама прадстаўнікам СМІ, што нядаўна Браслаў далучыўся да міжнароднай ініцыятывы “Пагадненне мэраў”, якая ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты па зніжэнні на 20% спажывання энергіі, на столькі ж – выкідаў вуглякіслага газу, а таксама на павелічэнне выкарыстання на 20% узнаўляемых крыніц энергіі.
Затым ён адказаў на пытанні журналістаў.
У час прэс-тура госці наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе на свае вочы пабачылі новы энергазберагальны кацёл, а таксама паглядзелі інтэрактыўную выстаўку “Дом будучыні”, якая ілюструе інавацыі ў будаўніцтве, пазнаёміліся з прыгожымі мясцінамі нашага азёрнага краю.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.